Prava-BY.info: Беларускі Праўны Партал

Як па загадзе чыноўніка ў Жодзіне … адміністратыўнымі мэтадамі мэтадычна вынішчаецца старажытная беларуская традыцыя…

Каму ж у горадзе БелАЗаў гэта неабходна?

З спасылкаю на “горкі досьвед” таго, што “апошнія некалькі год” (!) сьвята ў Жодзіне нібыта зводзілася да “банальнае пьянкі” з “шматлікімі правапарушэньнямі” й “непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі”… у Жодзіне чарговы раз (другі год запар) забаранілі сьвяткаваць Купальле (!?).

Прыніжаючы само народнае сьвята й называючы яго са зьдзекам у грэблівым кантэксьце “купальскімі ночкамі”, афіцыйная газэта гарвыканкаму “Жодзінскія Навіны” (”ЖН”) зьвяртае ўвагу аж на нейкія “масавыя беспарадкі”, а таксама на “непрыемны асадак” пасьля мерапрыемства…, наракае на на тое, што пра “стан гарадзкога пляжу”, як высьветляецца, гарадзкія “камунальныя службы” на наступны дзень “і ўзгадваць ня хочуць”.

Вось і атрымліваецца, што раней у гэтай справе ўсё было значна лепей. А вось толькі “апошнія некалькі гадоў” здарылася такая бяда - для правядзеньня Купальскага народнага сьвята зьніклі ўмовы ў Жодзіне.

Аляксей Лапіцкі адзначае:

- Ёсьць новы пляж, агароджаная пляцоўка ля ракі, міліцыя й камунальнікі, фінансуемыя з дзяржбюджэту, выканаўчая ўлада, якая й абавязаная працаваць для народу, выконваць канстытуцыйныя нормы, забясьпечваць гарантаваныя ў іх правы й свабоды грамадзянаў на мірныя сходы, асацыяцыі, выказваньні меркаваньняў…, на сьвяткаваньне ўласных традыцыйных народных сьвятаў, нарэшце.

Аднак, вось дзе аказваецца праблема - народ ня той. Моладзь - няправільная. Яна, маўляў, як адзначаюць “ЖН”, “ня толькі песьні сьпявае ды праз вогнішча скокае”… А верагодна, яшчэ й да рэчкі спрабуе падыйсьці пасьля 00-00, калі афіцыйная частка масавага мерапрыемства спыняецца насуперак усіх традыцыяў і лёгікі народнага абрада. А сілаў і жаданьня ў жодзінскай міліцыі супрацьстаяць гэтым, так званым, “шматлікім правапарушэньням” - аніякім чынам не хапае.
Супрацоўнікі міліцыі скардзяцца ды й камунальнікі нешчасьлівыя, у сувязі з гэтым жодзінскі выкакам яшчэ зь мінулага году з спасылкай на “грамадзкую думку” (пры гэтым) узяў ды адмяніў народнае сьвята, якое ў любым календары “зпакон вякоў” пазначанае чырвоным колерам.

Замест спрыяньня й аховы правоў грамадзянаў - адміністрацыйныя перашкоды

Пры гэтым, на ўсялякі выпадак, ня гледзячы на тое, што грамадзяне Беларусі маюць на сьвяткаваньне любых традыцыйных беларускіх народных сьвятаў усе неабходныя правы й свабоды, замацаваныя ў Асноўным Законе краіны, - “ЖН” папярэджвае жодзінцаў (верагодна, ужо кімсьці пазбаўленых гэтага неадъемнага права?) аб тым, што сьвяткаваньне Купальля прыватным чынам пацягне за сабою “адміністратыўную адказнасьць” (!?).

Так, артыкул з подпісам “ЖН” завяршаецца фразаю: “А те, кто в частном порядке захотят устроить себе купальскую ночь, должны помнить об административной ответственности.”

Вось так. Ні больш, ня менш. Улады зь міліцыяй расьпісаліся ў сваёй бездапаможнасьці.

Жодзінскі выканкам адмаўляецца ад выкананьня ўласных непасрэдных функцыянальных абавязкаў па арганізацыі ды ахове правапарадку падчас правядзеньня Купальля ў ягоным звычайным фармаце і беларускай традыцыі, а зважаючы на незадаволенасьць камунальнікаў, якія таксама атрымліваюць бюджэтныя (чытай народныя) грошы ды абавязаныя займацца прыборкай гарадзкой тэрыторыі, а таксама на нейкія “масавыя беспарадкі”…, цынічна спаслаўшысь на “грамадзкую думку”, - чарговы раз забаранілі любыя гуляньні ў “ноч на Купала” 05-06 ліпеня 2015 году.

Але і жодзінскаму ідэолягу, і нават самаму строгаму міліцыянту-карніку (аўт.: большасьць у беларускай міліцыі дагэтуль лічаць, што міліцыя гэта карная, а не праваахоўная ўстанова, і асноўная функцыя міліцыянта - забараняць, лавіць, караць) трэба ведаць мудрую народную прымаўку, у тым ліку пра тое, што ёсьць спрадвечным і традыцыйным:

“Тое, што напісана пяром, ня выйме й сякера!”

Алесь ЛЕТА

Фота: Аляксей Лапіцкі

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline