Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун зьвярнуўся зь пісьмовым зваротам да старшыні Мазырскага райвыканкаму Яўгена Адаменкі і старшыні райсавету дэпутатаў Сяргея Гваздзя.Заяўнік заклікае мясцовых кіраўнікоў прыняць усе меры для рэальнага забесьпячэньня права грамадзян на родную мову.

Зварот прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага). Праваабаронца нагадвае, што беларуская мова, якая мае статус дзяржаўнай, з’яўляецца ў Беларусі роднай большасьці насельніцтва. Так, паводле апошняга перапісу насельніцтва 2009 года, каля 84% грамадзян краіны з’яўляюцца па нацыянальнасьці беларусамі. З агульнай колькасьці насельніцтва беларускую мову роднай назвалі 53,2%. Разам з тым, у дзіцячых садках, школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах, дзяржапараце, арміі, сілавых структурах, справаводстве і судах, у дзяржаўных СМІ беларуская мова амаль не прысутнічае.

У Мазыры няма ніводнага дзіцячага садка з беларускай мовай выхаваньня, беларускамоўнага кляса, школы ці гімназіі. Нават шыльды з назвамі вуліц апошні час размяшчаюць на рускай мове. Уладзімір Целяпун мае досьвед, калі ў судзе яго заявы, сьведчаньні па-беларуску перакладалі потым, для рашэньня, на рускую мову. У канцылярыі пракуратуры праваабаронцу неяк папярэдзілі, што адказ на заяву па-беларуску будзе дадзены на рускай мове.

«Ні з адным з чыноўнікам райвыканкама, дэпутатамі раённага Савета і Нацыянальнага сходу не атрымалася наўпрост пагаварыць на беларускай дзяржаўнай мове, аднак адказы на мае пісьмовыя заявы атрымліваю па-беларуску. Мясцовая газета «Жыцьцё Палесься», заснавальнікамі якога з’яўляюцца райвыканкам і райсавет, па-беларуску друкуюць толькі назву выданьня. Зьмест СМІ цалкам падаецца на рускай мове», – акцэнтуе ўвагу заяўнік.

Ён мяркуе, што такія падыходы парушаюць прынцып роўнасьці (арт. 22 Канстытуцыі), прыводзяць да пераважнага ўжываньня рускай мовы за кошт беларускай і могуць быць ацэнены як дыскрымінацыйныя.

Праваабаронца нагадвае чыноўнікам, што валоданьне беларускай мовай з’яўляецца адным з абавязковых кваліфікацыйных патрабаваньняў паступленьня на дзяржаўную службу (падпункт 1.3 часткі 1 арт. 26 Закона «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь»).

«Тое, што чыноўнікі не размаўляюць на беларускай мове – гэта адсутнасьць у іх здольнасьцяў альбо нежаданьне карыстацца ёй? Маючы ў горадзе дзяржаўны ўніверсітэт, цяжка арганізаваць курсы па вывучэньні беларускай мовы?» – здзіўляецца Уладзімер Целяпун.

Ён успамінае, што ў савецкія часы мясцовая газета «Камуніст Палесься» (папярэдняя назва мясцовага выданьня «Жыцьцё Палесься») была цалкам па-беларуску.

«Усе, хто прыязджаў з іншых месцаў СССР на жыхарства ў наш горад – вывучалі беларускую мову па гэтай газэце. Зь прызначэньнем галоўным рэдактарам газэты Ларысы Чорнай (рускай па нацыянальнасьці) газэта паступова перайшла цалкам на рускую мову. І нацыянальнасьць рэдактара тут не самая істотная прычына. Важнай з’яўляецца пазіцыя саміх заснавальнікаў газэты. І калі галоўны Закон краіны нам гарантуе роўнасьць двух дзяржаўных моваў, то і пазіцыя галоўнага рэдактара і заснавальнікаў выданьня павінны адпавядаць і не супярэчыць Канстытуцыі»
, – адзначыў у звароце праваабаронца.

Паводле gomelspring.org

Гэты артыкул размешчаны 17.02.15 01:21 у катэгорыі: - Народная ініцыятыва 'За Свабодны выбар!', Cупольнасьць, Навіны, Праваабарона: закон і права.
Вы можаце сачыць за водгукамі праз RSS 2.0 разсылку. Вы можаце пакінуць водгук, альбо скарыстацца трэкбэкам з вашага уласнага сайта.
  1. 22.02.15 01:40: Мазырскі праваабаронца заклікае мясцовую ўладу прыняць меры для рэальнага забеспячэньня права на родную мову « Наша слова [ ]

    […] Паводле licviny.info […]

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline