Victory Day celebrations in Minsk Photograph: Viktor Drachev/AFP/Getty Images

У святле крызісу ўва Украіне, актывісты распавядаюць Кацярыне Барушцы, як некаторыя асьпекты беларускай ідэнтычнасьці - асабліва мова - расквітаюць наноў.

«Галерэя Ў» – гэта адна з нешматлікіх альтэрнатыўных кавярняў у Менску, сталіцы Беларусі. І кожны панядзелак людзей там – што селядцоў у бочцы.

Дзьвесьце чалавек усіх узростаў і прафэсіяў гатовыя сядзець на падлозе ці стаяць тры гадзіны, каб паўдзельнічаць у адной з самых папулярных публічных ініцыятываў у горадзе – занятках беларускаю моваю.

Кіраўнік Беларусі, Аляксандр Лукашэнка, якога часта крытыкуюць за аўтарытарны стыль кіраваньня, аднойчы заявіў, што па-беларуску «нельга сказаць нічога значнага». Ён жа адыграў галоўную ролю ў зьмяншэньні ролі ды сфераў ужываньня мовы на карысьць расейскай, у выніку чаго беларуская мова сталася атрыбутам маргінальнай палітычнай апазіцыі.

Але ўпершыню за дваццаць гадоў свайго кіраваньня, у сьвятле ўзмацненьня расейскага ўплыву на былую савецкую рэспубліку, Лукашэнка падае сігналы пра магчымую зьмену свайго меркаваньня. І беларускамоўным актывістам ёсьць, з чаго цешыцца.

Алена Васільева – адна з удзельніц заняткаў. Ёй ля сарака, яна працуе выкладчыцаю ва ўніверсітэце, выхоўвалася ў расейскамоўнай сям’і. Калі вучылася ў школе, бацькі вырашылі, што ёй няма патрэбы хадзіць на неабавязковыя тады заняткі па беларускай мове, а некалькіх універсітэцкіх семестраў аказалася недастаткова, каб навучыцца размаўляць.

«Я прыйшла сюды вывучыць мову, але таксама і зразумець, чым мы адрозніваемся як нацыя, што беларусы робяць або могуць зрабіць, каб адрознівацца ад расейцаў», – кажа яна.

Беларуская і расейская мовы – афіцыйныя мовы ў Беларусі. Але толькі 23 % з 9,67 млн насельніцтва размаўляюць на беларускай, а расейскай карыстаюцца больш за 70 %. І толькі 10 % ужываюць беларускую штодзённа.

Адкрытыя курсы праводзяцца незалежнымі беларускімі навукоўцамі не першае дзесяцігодзьдзе, але на дзяржаўным узроўні стаўленьне да мовы застаецца грэблівым. Тым не меньш, зь нядаўняга часу курсы сталіся сапраўды папулярнымі. Заняткі праводзяцца па ўсёй Беларусі.

«Людзі хочуць мець гонар, адрознівацца, – кажа Алеся Літвіноўская, сузаснавальніца курсаў «Мова Нанова». – Складана быць адметным, калі табе ўвесь час нагадваюць, што ты малодшы брат Расеі, а ўсё беларускае – нуднае і правінцыйнае. Мы імкнемся зноўку зрабіць беларускую мову і культуру моднай».


«Галерэя Ў» – гэта адна з нешматлікіх альтэрнатыўных кавярняў у Мінску, сталіцы Беларусі. І кожны панядзелак людзей там – што селядцоў у бочцы. Photograph: Katerina Barushka

Аналітыкі мяркуюць, што крызіс ва Украіне ацьверазіў Лукашэнку, які з даўняга часу – нязьменны саюзнік Крамля. Стасункі з Расеяй былі важнымі для Лукашэнкі і дзеля захаваньня ўлады, і дзеля функцыянаваньня беларускай эканомікі, 10–15 % якой сілкуюцца з расейскіх датацыяў. Мяркуецца, што хваляваньні ў найвышэйшым кіраўніцтве краіны пачаліся паслья анексіі Масквою Крыму, што Уладзімер Пуцін абгрунтаваў абаронаю расейскамоўнага насельніцтва па ўсім сьвеце.

Напярэдадні візіту Пуціна з нагоды 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў упершыню за доўгія гады свайго кіраваньня Лукашэнка частку свайго выступу агучыў па-беларуску. Сімвалічнасьць гэтага кроку не прайшла незаўважнаю сярод аматараў беларускай мовы і культуры.

У лістападзе ён таксама правёў спатканьне з прадзяржаўнымі ды незалежнымі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі з мэтаю падтрымаць памкненьні ў развіцьці нацыянальнай культуры і гістарычных каштоўнасьцяў.

Публічнае падтрыманьне беларускай мовы расьце па меры пазбаўленьня мовы ад сваёй стыгмы. Працягваецца дзяржаўная сацыяльная кампанія “Смак беларускай мовы” – на білбордах Беларусі пішуць цікавыя беларускія словы з адпаведнымі выявамі-ілюстрацыямі. Кіраўніцтва мінскага мятро зрабіла спробу перавесьці ўказальнікі на расейскую, але цягам месяца вярнулася да беларускай мовы – пад ціскам грамадзянаў.

Улады дазваляюць такім кампаніям існаваць, але ва няўстойлівым палітычным клімаце арганізатарам моўных курсаў ды іншым ініцыятывам трэба быць асьцярожнымі. Да канкрэтных высноваў яшчэ далёка, але некаторыя беларускія нацыяналісты лічаць, што ў Беларусі адбываюцца сапраўдныя грунтоўныя зьмены.

«Я магу параўнаць цяперашні час з канцом 80-х, калі людзі шалёна захапляліся культурніцкімі мерапрыемствамі, – кажа Тамара Мацкевіч, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы. – Дзяржаўныя структуры былі ўсёмагутнымі, але толькі на паперы. У сакавіку 1991 г. больш за 82 % беларусаў прагаласавалі за захаваньне СССР, а праз некалькі месяцаў ён ужо скончыў сваё існаваньне».

Але не ўсе перакананыя, што беларускамоўная рэвалюцыя чакае за рогам.

«Без дзяржаўнага падтрыманьня большай колькасьці гадзінаў беларускай мовы ў школах і шырокага выкарыстаньня мовы на афіцыйным узроўні не даводзіцца казаць пра сапраўдныя зьмены», – кажа Андрэй Елісееў, палітычны аналітык незалежнага аналітычнага цэнтру Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.

«У сьвятле масавай прапаганды расейскага міру невялікае нацыянальнае адраджэньне палітычна вельмі выгадна ўладам дзеля замацаваньня сваёй пазіцыі, – кажа Елісееў. – Дзяржаўны апарат надалей вельмі магутны, і можа ўмомант зьнішчыць гэтыя ініцыятывы».

І сапраўды, беларускамоўнага ўніверсітэту дагэтуль няма, колькасьць гадзінаў беларускай мовы ў школах скарачаецца. 85 % кніг, якія друкуюцца ў Беларусі, выходзіць на расейскай мове, па-беларуску выдаецца толькі 9,5 % кніг, а па-ангельску – 4 %.

Тым не менш, Літвіноўская перакананая, што беларуская мова перажывае свае адраджэньне, і не толькі ў культурніцкім ці палітычным сэнсе.

«Цяпер мы працуем з А-100, самаю буйной беларускаю прыватнаю сэткай АЗС, якая з Новага года поўнасьцю перайшла на беларускую. Яны пераклалі дакументацыю, перайшлі на беларускую мову абслугоўваньня, – распавяла яна «The Guardian». – Гэта бізнес, і яны выбудоўваюць сваю стратэгію, базуючыся на тым, што лепш будзе прадавацца. Калі не гэта сьведчыць аб зьменах у грамадзтве, тады што?»

Мова – гэта толькі адзін элемент мазаікі. Некаторыя спадзяюцца, што большая прыхільнасьць да беларускай мовы магла б адыграць значную ролю ў разьвіцьці нацыянальнай культуры і сьвядомасьці агулам.

Адна з найбольш яскравых у справе распаўсюду беларускай культуры кампанія «Будзьма» арганізоўвае культурніцкія імпрэзы па ўсёй Беларусі, а таксама фэстываль беларускамоўнай рэклям «Ad.nak!».

«Пяць гадоў таму, калі мы стартавалі з «Ad.nak!», мы баяліся, што другога выданьня можа і ня быць, – кажа Алена Макоўская, адна з каардынатарак кампаніі. – За гэты час колькасьць заявак патроілася. Людзі імкнуцца да сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці, адметнасьці, гонару за тое, кім яны з’яўляюцца. Палітычнае – мінае, а культура, яна вечная».

Паводле www.theguardian.com

Падрыхтаваў Aleś LETA
licviny.info

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline