Prava-BY.info: Беларускі Праўны Партал

Вацлаў Арэшка і Валянціна Свяцкая

Вацлаў Арэшка і Валянціна Свяцкая

Грамадскае аб’яднаньне “Дыярыуш” сумесна з грамадскім электронным архівам “Вытокі” правялі 26 лістапада круглы стол на тэму “Дакуманты найноўшай гісторыі, як сродак фармаваньня дэмакратычных і нацыянальных каштоўнасьцяў у свядомасьці беларусаў. Роля сучасных сродкаў захаваньня інфармацыі і камунікацыі”.

Напачатку мерапрыемства кiраўнiк грамадскага аб’яднаньня “Дыярыуш” Вацлаў Арэшка правёў інтэрактыўную прэзентацыю сайта vytoki.net, азнаёміў з ягонымі асноўнымі раздзеламі і заклікаў да супрацоўніцтва грамадскіх дзеячоў, гісторыкаў і ўсх тых, хто валодае дакументамі, фотаматэрыяламі, якія маюць дачыненне да найноўшай гісторыі Беларусі.

На сёньняшні дзень, на сайце змешчана каля 8000 архіўных адзінак і штодзень гэтая ўнікальная база папаўняецца.
Паколькі ў Беларусі працягваецца працэс вымываньня гістарычнай праўды са школьных падручнікаў, то лагічна, - павінна ўзрастаць і значэньне электронных архіваў і бібліятэк як дакументальных крыніц для даследваньня гісторыі Беларусі. Больш таго, гэта інфармацыя павінна быць даступнай як даследчыкам,так і навучэнцам сярэдніх школ. Таму ў дыскусіях удзельнікі круглага стала спрабавалі адшукаць адказ на пытаньні: як эфэктыўна можна працаваць з беларускімі настаўнікамі? Якія формы супрацоўніцтва найбольш эфектыўныя пры падрыхтоўцы для іх мультымедыйных дапаможнікаў? Паўстала таксама пытаньне аб стварэньні альтэрнатыўных падручнікаў па найноўшай гісторыі Беларусі.

Вольга Цадко прэзэнтавала Беларускі архіў вуснай гісторыі - грамадскі электронны архіў, які ахоплівае больш працяглы час і змяшчае жывыя сьведчаньні ўдзельнікаў гістрычных падзей.

Аб праблемах атрыманьня і выкарыстаньня архіўных дакументаў у дзяржаўных установах распавядаў кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў: “Парадокс: нават у Туркменістане і Таджыкістане дзяржаўныя архівы больш адкрытыя для простых людзей, чым у Беларусі. Мне кажуць – ідзіце ў Нацыянальны архіў, працуйце, пішыце праўдзівую гісторыю Беларусі, аднак і там большасць дакумантаў паспелі стаць непраўдзівымі. Там парэшткі дакумантаў, шмат іх схавана, і з такой “мазайкі” сапраўдную гістарычную карціну не збярэш”.

Спадзявацца на архівы КДБ таксама не варта, паколькі дакументы, якія там захоўваюцца, неаднаразова праходзілі цэнзуру, а некаторыя ад пачатку былі сфальсіфікаваныя. Ігар Кузняцоў у падцверджанне сваіх слоў прадэманстраваў шэраг такіх дакументаў.

Сярод удзельнікаў круглага стала быў распаўсюджаны адмысловы Зварот да дэмакратычнай грамадскасьці Беларусі.
Сёньня, як і ў савецкія часы працягваецца фальшаваньне гістарычнай праўды і маніпуляваньне гісторыяй у інтарэсах кіруючага рэжыму. Праз праўладныя СМІ, афіцыйных “публіцыстаў” і “гісторыкаў” ствараецца несапраўдны малюнак грамадскага і палітычнага жыцьця ў апошнія дзесяцігоддзі. Большасць матэрыялаў па найноўшай гісторыі нашай краіны, якія маюць дачыненьне да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі не захоўваюцца ці не даступныя для даследчыкаў.

Беларусь можа ізноў апынуцца без уласнай гісторыі, бездапаможнаю перад рознымі маніпулятарамі мінуўшчыны і будучыні.

Мы ўпэўненыя, што захаваньне дакументальнай спадчыны найноўшай гісторыі, найперш спадчыны дэмакратычных рухаў, грамадзянскай супольнасьці, палітычных арганізацый, надзвычай важнае для фармавання аб’ектыўнага погляду на сучасную гісторыю Беларусі, для стварэньня праўдзівых нацыянальных гістарычных канцэпцый і для выхавання ўсіх пакаленьняў беларускага грамадства. Таксама застаецца важным і захаваньне дакументальнай спадчыны папярэдніх, савецкіх, часоў. Гэта датычыцца не толькі рэпрэсій ці супраціву, але і іншых аспектаў функцыянаваньня грамадства.

Таму мы звяртаемся да ўсіх дэмакратычных грамадскіх і палітычных арганізацый Беларусі, да актывістаў, краязнаўцаў і аматараў гісторыі з заклікам збіраць і захоўваць дакуманты найноўшай гісторыі. Але захаваць дакуманты – толькі першы крок.

Чым больш такіх сведчаньняў гісторыі будзе адкрытымі для грамадства і навукоўцаў, тым менш шанцаў застанецца для фальсіфікатараў гісторыі. Гэтыя матэрыялы стануць даступнымі праз сайты і публікацыі тых, хто мэтанакіравана займаецца захаваньнем нашай гістарычнай спадчыны.

Дапамагайце такім інстытуцыям і ініцыятывам, перадавайце для публікацыі матэрыялы ці іх копіі, падтрымлівайце даследваньні, дзяліцеся ведамі і ўспамінамі. Захаваная памяць пра мінулае вернецца лепшай будучыняй.

Беларусы! Захавайма нашу гістарычную памяць!

Паводле spring96.org

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline