Prava-BY.info: Беларускі Праўны Партал

Курапаты 2013, Менск
Курапаты 2013, Менск

Скончыліся традыцыйныя шэсце і мітынг, прымеркаваныя ўшанаванню памяці продкаў. Гамяльчанін Юры Рубцоў, апрануты ў майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь», быў затрыманы недалёка ад урочышча Курапаты пасля мітынгу. На майцы з адваротнага боку быў таксама надпіс: «Чацвёрты раз прэзідэнт - не! Гэта не прэзідэнт, а цар-самазванец!” (на фота). Перад пачаткам шэсця да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі яго зняць майку, каб пазбегнуць інцыдэнту. Аднак мужчына пенсіённага ўзросту адмовіўся здымаць майку і знаходзіўся ў ёй і ў час шэсця, і ў час мітынгу.

Юры Рубцоў паведаміў, што ў адказ папрасіў міліцыянтаў назваць яму закон, які забараняе насіць падобную вопратку. Яму адказалі: “ну вы ж самі разумееце …”. Рубцоў таксама пацікавіўся, як супрацоўнікі праваахоўных органаў могуць прапаноўваць яму «жыць па паняццях, а не па законе».

Затрымалі Рубцова чацвёра людзей у цывільным. Двое з іх выйшлі з мікрааўтобуса, яшчэ двое ішлі ўслед за гамяльчанінам. Учатырох яны пасадзілі ўдзельніка акцыі ў мікрааўтобус і павезлі ў невядомым кірунку. Гэтаму спрабаваў перашкаджаць грамадскі актывіст Максім Вінярскі. Ён пацікавіўся, на якой падставе затрымліваюць ўдзельніка акцыі, але яго проста адштурхнулі.

* * *

Намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч разам з іншымі сябрамі гэтай аргагнізацыі браў удзел у сёлетніх “Дзядах” у Менску. Па ягоных словах, ён ходзіць на “Дзяды” з другой паловы 90-х гадоў, з часоў, калі быў студэнтам. Гэты дзень аб’ядноўвае людзей, якія з’яўляюцца прыхільнікамі незалежнасці Беларусі, яе нацыянальнай самабытнасці. Людзей, якія памятаюць пра свае карані, кажа Юрась Губарэвіч:

- Кожны раз яднаюцца людзі, якія цягам года маюць нейкія баталіі ці спрэчкі адносна палітычных пытанняў. Аднак гэта той дзень, які аб’ядноўвае ўсіх беларусаў. Мы бачым прадстаўнікоў розных структураў, палітычных партыяў, якія пад бел-чырвона-белымі сцягамі праходзяць гэтым шляхам. Лічу вельмі важным удзел моладзі, удзел новых людзей, таму што – гэта той дзень, які мусіць яднаць усё беларускае грамадства. Мы павінны памятаць пра нашых продкаў, пра герояў Беларусі.

Па словах Юрася Губарэвіча, кіраўнік Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч папраўляецца пасля аперацыі на суставе. Таму не змог удзельнічаць у гэтых “Дзядах”. Але перадае ўсім словы салідарнасці ў святой справе - барацьбе за вольную і незалежную Беларусь.

* * *
Вельмі важна пастаянна нагадваць грамадству, да якіх жахлівых наступстваў прыводзіць таталітарная ўлада, кажа старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён разам з іншымі сябрамі партыі ўдзельнічае ў сёлетніх “Дзядах” - шэсці і мітынгу ва ўрочышчы Курапаты каля Менску, дзе пахаваны шматлікія ахвяры сталінскіх рэпрэсій 30-40 гадоў мінулага стагоддзя.

- Вельмі важна, што кожны год гэтая акцыя адбываецца, кожны год з бел-чырвона-белымі сцягамі калона праходзіць фактычна ад цэнтра горада ў Курапаты. Гэта вельмі добрая магчымасць нагадаць беларускаму грамадству да якіх жахлівых наступстваў прыводзіць таталітарная ўлада, чым можа абярнуцца маўчанне народу. У 30-я гады народ маўчаў, хаваўся, і сотні тысячаў беларусаў былі расстраляныя, а яшчэ больш - адпраўленыя ў лагеры.

Гэта сур’ёзны напамін грамадству, што нельга маўчаць, нельга мірыцца з несправедлівасцю, - кажа Аляксей Янукевіч. І, безумоўна, Дзяды - гэта ўшанаванне памяці шматлікіх ахвяраў таталітарнага рэжыму, падкрэслівае палітык.

* * *

У Менску праходзіць шэсце, прысвечанае Дню памяці продкаў “Дзяды”. Калона з некалькіх соцень чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі, скандуючы “Жыве Беларусь!”, рушыць да Урочышча Курапаты - месца пахавання дзясяткаў тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Арганізавана мерапрыемства актывістамі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ.

Па словах намесніка яе старшыні Юрася Беленькага, шэсце праходзіць без перашкодаў і колькасць ягоных удзельнікаў паступова павялічваецца. Асабліва радуе, што далучаецца шмат моладзі.

- Моладзі сёлета больш чым летась. Летась – больш чым пазалетась. Такая тэндэнцыя мяне радуе і цешыць. Людзей пакуль не вельмі шмат, як і пазалетась. Бо нашыя людзі ўжо прызвычаіліся крыху пад’ехаць і далучыцца да шэсця пазней.

Па словах Юрася Беленькага, сёлетнія “Дзяды” юбілейныя. Першыя адбыліся 25 год назад, 30 кастрычніка 1988 года. Яны былі разагнаныя камуністычнымі ўладамі. Як падкрысліў Юрась Беленькі, дзякуючы Зянону Пазняку, які кіраваў дэманстрацыяй, удалося пазбегнуць сур’ёзных сутыкненняў і, магчыма, ахвяраў. Але тыя “Дзяды” сталі моцным штуршком для абуджэння і дэмакратызацыі грамадства. З тых часоў мерапрыемства традыцыйна праходзіць у Менску і завяршаецца ў Курапатах.

* * *

Шэсце ў Курапаты з нагоды Дзядоў пачалося ў Менску. На месцы прысутнічае наш карэспандэнт Барыс Гарэцкі:

- Шэсце, прысвечанае Дзядам, стартавала ад Менскага гадзіннікавага завода а 11-й гадзіне. Удзел у ім бяруць ад 500 да 700 чалавек: прадстаўнікі КХП-БНФ, БНФ, моладзевых арганізацый, БХД. Удзел у шэсці прымаюць у асноўным людзі старэйшага веку. Над калонай лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Аднак ніякіх палітычных лозунгаў не заўважана. На месцы збору, а пасля і разам з усёй калонай, рухаюцца каля трох дзясяткаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным. Яны ўвесь час перамаўляюцца па тэлефонах і рацыях, аднак ніякіх эксцэсаў не зафіксавана. Таксама калону суправаджае машына ДАІ.

Чакаецца, што шэсце скончыцца жалобным мітынгам ва Урочышчы Курапаты.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * *
Дазвол на шэсце на Дзяды даў Менскі гарадскі выканаўчы камітэт. Заяўнікам акцыі выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ.

Збор быў прызначаны на дзесяць трыццаць каля будынка Менскага гадзіннікавага завода на праспекце Незалежнасці. Плануецца, што калона прыбудзе ў Курапаты да паловы на трэцюю. Пасля гэтага пачнецца мітынг.

Менгарвыканкам дазволіў праводзіць мерапрыемства да дзевятнаццатай, але яно скончыцца значна раней, кажа намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі. Па ягоных словах, у мерапрыемстве дазволена ўдзельнічаць не больш за пяць тысячаў чалавек.

Палітычныя актывісты падалі таксама заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне дзясятага лістапада шэсця да Лошыцкага яра — месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Курапаты 2013, Менск

***





















Паводле Радыё Рацыя
Фота Алеся Лапіцкага

Гэты артыкул размешчаны 04.11.13 01:01 у катэгорыі: - Ініцыятыва 'ЗА Эўрапейскі ГОРАД!', - Народная ініцыятыва 'За Свабодны выбар!', Cупольнасьць, Навіны, Праваабарона: закон і права, Фотаклюб "Ракурс", Фотарэпартажы.
Вы можаце сачыць за водгукамі праз RSS 2.0 разсылку. Вы можаце пакінуць водгук, альбо скарыстацца трэкбэкам з вашага уласнага сайта.
  1. 09.02.16 02:34: У СПРАВЕ ЮРАСЯ РУБЦОВА УРАД БЕЛАРУСІ НЯ БАЧЫЦЬ ПАЛІТЫКІ | Беларускі Праўны Партал [ ]

    [...] законнаму распараджэньню службовай асобы камэнтуе: “3 лістапада 2013 году ў горадзе Менску Юрась Рубцоў прымаў удзел у вулічным шэсьці “Дзяды”. [...]

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline