КасцёлЗА ЭЎРАПЕЙСКІ ГОРАД!
ЗА ВОЛЬНУЮ ЭЎРАПЕЙСКУЮ БЕЛАРУСЬ!
ЗА НАШУ І ВАШУ СВАБОДУ!

МЫ – ЛЮБІМ СВОЙ ГОРАД!

Так, мы любім свой горад, сваю краіну, сваіх бацькоў і блізкіх, сваіх дзяцей …
І гэта – натуральна. Мы ўсе імкнемся да лепшае будучыні. Дык, што ж нас разьядноўвае і замінае жыць насычаным і цікавым жыцьцём, сканцэнтраваным на пазытыве, на творчай і стваральнай ініцыятыве, на вырашэньні пытаньняў зусім іншага роўню, чым праблемы самазахаваньня ці выжываньня, аховы ўласнае годнасьці і права “Чалавекам звацца” у сваім родным доме, у сваім горадзе і ўва ўласнай краіне!?

Мы – жыхары Жодзіна, які паступова крок за крокам камунікацыйна набліжаецца да сталіцы й становіцца амаль часткаю Менску. Таксама, ня гледзячы на розныя перашкоды, мы ўсё ж паступова і няспынна прасоўваемся ў кірунку асэнсаваньня вартасьці і значнасьці (ледзь не матэрыялізавана адчувальнай для росту якасьці жыцьця) такіх агульнасусьветных і эўрапейскіх гуманістычных каштоўнасьцяў, як свабода, права і дэмакратыя. Пры гэтым, разуменьне дэмакратыі для нас ўсё больш пазбаўляецца ад пачатковых штучных як рамантычна-ружовых, гэтак і чырвона-карычневых стэрыятыпаў і пачынае ўспрымацца ў якасьці натуральнай, практычнай неабходнасьці і спосабу арганізацыі грамадзкага ладу, спосабу жыць па выпрацаваных Чалавецтвам найбольш прагрэсыўных, справядлівых правілах і працэдурах …

Ад зьнешняга падабенства, да сутнаснага адзінства –
наш шлях вяртаньня ў Эўропу.

“За Эўрапейскі ГОРАД!” – гэта грамадзянская ініцыятыва, ініцыятары і актывісты якой імкнуцца прайсьці гэтым шляхам як мага хутчэй. Якасьць жыцьця, культурная повязь часоў, павага да продкаў і традыцыяў, нацыянальна-гістарычных сьвятыняў, паяднаньне народу ў моцную эўрапейскую нацыю на падмурку Міжнароднага і Канстытуцыйнага прыарытэту права, грамадзянскіх, палітычнага і эканамічных свабодаў ва ўмовах дэмакратыі … – тыя маякі, да якіх ніколі ня позна скіраваць уласныя позіркі й сканцэнтраваць намаганьні грамадзтва.

Горад, у якім цікава жыць (працаваць і адпачываць), краіна, дзе грамадзянская супольнасьць адчувае сваю вартасьць і падтрымку інстытутаў улады, свабодна рэалізуе ўласны творчы, навуковы й сацыяльны патэнцыял, дзе на карысьць чалавека працуюць усе збалансаваныя паміж сабою галіны ўлады … – гэта мадэль утульнае і бясьпечнае Эўрапейскае прасторы ў будучае вольнае Беларусі, што працуе не на сыстэму прымусу і ідэалягічнага дыктату, а дзеля чалавека любога веравызнаньня і поглядаў.
Толькі ў свабодзе і дэмакратыі як сыстэме роўнай праўнай адказнасьці і дакладна прапісанай грамадзка-палітычнае працэдуры, можа ўзьнікнуць і выхавацца культура не “канакрадаў” альбо “падпаскаў”, але годных гаспадароў Беларускага Дому, паважаючых саміх сябе, сваю гісторыю і продкаў, працуючых для ўласных нашчадкаў і найлепшае будучыні. А ўлада тады - будзе годна прадстаўляць свой народ у сьвеце, уяўляючы сабою не крамлёўскіх ці яшчэ якіх “пачасавікоў-марыянэтак”, што гатовыя на любыя хаўрусы і здрады дзеля ўласных ці праімпэрскіх выгодаў для іхных гаспадароў з Усходу ці Захаду. Беларуская дэмакратычная ўлада, безумоўна, будзе абапірацца на высокія стандарты грамадзка-палітычнай і дзяржаўнай адказнасьці, спрадвечныя культурна-гістарычныя каштоўнасьці ўласнага народу, угрунтаваныя на памяці і безумоўнай павазе да продкаў, да стваральнікаў і абаронцаў ВКЛ, БНР, БССР і сучаснае Беларусі.

Без парадку ў галовах, без ліквідацыі стану хваравітай раздвоенасьці ўва ўсім, без асэнсаваньня гістарычнай еднасьці мінуўшчыны і будучыні – не можа быць аб’ектыўнай ацэнкі і разуменьня сучаснасьці. Без адраджэньня й мацаваньня таго, ад чаго бязьлітасна й ганебна адракаліся, што як нешта іншароднае ці непатрэбнае хацелі адштурхнуць і забыць, што правакуючы разлад у грамадзтве, імкнуліся супрацьпаставіць самім сабе і проста зьнішчыць …, без асэнсаваньня і прызнаньня шматлікіх памылак – ня можа адбыцца аздараўленьня грамадзтва, паяднаньня і ўзмацненьня нацыі, дзяржаўнага сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі.

Для гэтага патрэбен час і патрэбна воля. Воля - як дзейснае ўлады, кіруючых і ствараючых грамадзкую супольнасьць элітаў, гэтак і аб’яднанага з дапамогаю іх народу.

А пакуль, … пачнем проста ўважліва азірацца навокал і па-гаспадарску заўважаць усё тое, што адрозьнівае нас ад вызначаных арыентыраў на шляху да адзначанае ідэальнае мадэлі.
Адно разуменьне таго, што ад нас і нашае думкі і волі шмат чаго ў нашым жыцьці залежыць – здольнае зфармаваць актыўную грамадзянскую пазыцыю і як вынік уплываць на тое, каб крок за крокам мы ўсе разам здолелі пайсьці напреад, пачалі рабіць пазытыўныя і чаканыя перамены да лепшага, няўмольна рухацца да больш цікавага, спакойнага і заможнага жыцьця ў прадказальнай, праўнай і дэмакратычнай краіне - у свабоднай Эўрапейскай Беларусі.

Аляксея Лапіцкі,
праваабаронца,
сябра Сойму Партыі БНФ,
Жодзіна.

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline