Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Судовае сьледзтва па справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага мела пэрспэктыву быць працягнутым, аднак сёньня, 22 лістападу, яно нечакана завершылася.

Здавалася б, новае «удакладненае» пракурорам абвінавачваньне запатрабуе дадатковых працэдураў. Але суд са згоды бакоў вырашыў фарсіраваць падзеі …

Характэрна, што з моманту прад’яўленьня Бяляцкаму новага абвінавачваньня да заканчэньня судовага сьледзтва прайшло ня больш за паўгадзіны працоўнага часу. Дзяржабвінаваўца, падобна, дзеля фармальнасьці паспрабаваў пачаць допыт абвінавачанага, але Алесь застаўся пры сваіх перакананьнях, заявіўшы літаральна наступнае:

«Я асэнсаваў так званае новае абвінавачваньне й прыйшоў да высновы, што па сваёй сутнасьці яно нічым не адрозьніваецца ад раней прад’яўленага абвінавачаньня. Паколькі раней я ўжо даваў якія мог тлумачэньні, то не бачу сэнсу іх паўтараць. Жадаю толькі адзначыць, што чамусьці новае абвінавачваньне зноў не дазваляе зразумець, якія канкрэтна сумы, калі й ад каго канкрэтна атрыманыя, абвінаваўца лічыць быццам бы маім асабістым прыбыткам. Таму абвінавачваньне я не прызнаю і лічу, што яго недаказанасьць сталася відавочнай падчас ранейшых судовых паседжаньняў».

Пасьля гэтага суд задаволіў хадайніцтва адваката Зьміцера Лаеўскага аб далучэньні да матэрыялаў справы датаванага 31-м жніўня паведамленьне Нарвэскага Гэльсынскага камітэту, у якім гэтая арганізацыя пацьвердзіла перавод на замежны рахунак праваабаронцы 50 тысячаў эўра. У лісьце асабліва падкрэсьлівалася, што гэтыя грошы прызначаліся й былі выдаткаваныя выключна на праваабарончую дзейнасьць, што было пацьверджана аўдытам камітэту, паведамляюць «Беларускія навіны».

З свайго боку пракурор Уладзімер Сайкоўскі заявіў хадайніцтва аб далучэньні да матэрыялаў справы шэрагу дакумэнтаў. Гэтыя хадайніцтвы таксама былі задаволеныя судзьдзём Сяргеем Бандарэнкам. У ліку дакумэнтаў - даведка Мінюсту Беларусі ад 14 лістападу з утрыманьнем кароткай біяграфіі Праваабарончага Цэнтру «Вясна»: ад рэгістрацыі ў 1999 годзе да беспасьпяховых спробаў ажно да 2009 году зарэгістраваць грамадзкую арганізацыю пасьля ейнага пазбаўленьня дзяржаўнай рэгістрацыі. Нагадаем, што гэтае рашэньне было прынятае Вярхоўным судом Беларусі 28 кастрычніку 2003 году за ўдзел праваабаронцаў цэнтру ў назіраньні за ходам прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.

…Заўтра бакі «сыйдуцца» у спрэчках бакоў, і кожны зь іх, безумоўна, будзе адстойваць сваю пазыцыю. Няма сумневаў, што пракурор папросіць прызнаць Бяляцкага вінаватым ва ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Паводле абвінавачваньня, праваабаронца з 2007 па 2010 гады не заплаціў падаткаў на суму 352.274.360 рублёў. Пакрыцьцё гэтай нібыта шкоды магло істотна адбіцца на «пажаданьнях» абвінаваўцы ў частцы пакараньня для Бяляцкага. Але Алесь сваю віну адмаўляе і «даўгі дзяржаве» за чужыя грошы вяртаць не зьбіраецца, а таму абвінаваўца мае права папрасіць для яго да сямі гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Пазыцыя адвакату Зьміцера Лаеўскага ды ягонага падабароннага, хутчэй за ўсё, будзе выбудоўвацца на раней выказаных, скажам так, заўвагах на адрас папярэдняга разсьледваньня, якое праводзіла сьледчая група ДФР КДК на чале з сьледчым Касынкінай. У прыватнасьці, абарона падкрэслівала, што ў абвінавачваньні не былі пазначаны крытэры, на падставе якіх асобныя сумы, якія прыпісваюцца Бяляцкаму, былі прызнаныя ягоным прыбыткам. У ходзе разсьледваньня сьледчым накіроўваліся прозьбы зьвярнуцца да крыніцаў гэтых сродкаў і запытаць у іх, з якой мэтаю й для чаго яны пераводзілі грошы Бяляцкаму. Гэтыя прозьбы не былі задаволеныя.

На думку адваката, нават дакумэнты зь летувіскіх і польскіх банкаў сьведчаць аб тым, што грошы з рахункаў Алеся Бяляцкага йшлі на патрэбы праваабарончай дзейнасьці, а не асабіста абвінавачанага.

Дарэчы, у справе Бяляцкага нямала белых плямаў. Зьміцер Лаеўскі падчас судовага сьледства зьвяртаў увагу на тое, што ў матэрыялах справы маецца своеасаблівая «нястача». Крыніца шэрагу дакумэнтаў была пазначаная, як «дыск DVD», атрыманы ў выніку сьледчых дзеяньняў. У той жа час у матэрыялах крымінальнае справы такі дыск адсутнічае, але маюцца нейкія ананімныя крыніцы, якія забясьпечвалі сьледзтва інфармацыяй, атрыманай відавочна з парушэньнем працэсуальных нормаў.

Ды й сам праваабаронца, як кажуць, не маўчаў падчас працэсу, абвясьціў шэраг дакумэнтаў, на якія дзяржабвінаваўца устрымаўся спасылацца.

Напрыклад, Алесь Бяляцкі прывёў вытрымку з словаў сьледчай ДФР КДК Касынкінай да намесьніка начальніку сьледчага адзьдзелу ўпраўленьня па Магілёўскай вобласьці з просьбай дапытаць аднаго з сьведкаў па справе. У лісьце паведамлялася: «Вызначана, што грашовыя сродкі, атрыманыя Бяляцкім Аляксандрам ў якасьці прыбытку на банкаўскія рахункі, адкрытыя на ягонае імя ў замежных банкаўскіх установах, увозіліся на тэрыторыю Беларусі з дапамогай кур’ераў».

Кім вызначана й дзе, як падкрэсьліў праваабаронца, сьледства пакінула без адказаў. У судзе, да месца заўважыць, дапыталі з дзясятак сьведак, але пра нібыта кур’ера ў іхных размовах гаворка не йшла. Затое ў першым томе крымінальнае справы № 11081100188 маецца маса дакумэнтаў, пазначаных абрэвіятураю «КДБ», якія сьведчаць аб тым, хто пачынаў гэтую справу.

Чым яна завершыцца, хутка стане вядома. Аднак у калегаў праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якія застаюцца на волі, чаканьні з нагоды вэрдыкту не аптымістычныя …

Паводле charter96.org,
Алесь ЛЕТА

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline