Prava-BY.info: Беларускі Праўны Партал
Катэгорыі: Навіны |

Сёньня кіраўнікі прэзыдыюму палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі правялі на сядзібе БНФ брыфінг для журналістаў. Падставай для яго сталі два рашэньні, якія яны прынялі сёньня ж. Першае — аб пачатку працэдуры абраньня адзінага кандыдата ад дэмсілаў на прэзыдэнцкія выбары. І другое — аб правядзеньні ўвосень Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Працэдура абраньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты павінна быць зацьверджаная да 1 верасьня. З такой ініцыятывай прэзыдыюм палітрады зьвярнуўся да ўсіх апазыцыйных суб’ектаў. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа:

“Абраць аднаго кандыдата ў прэзыдэнты і прапанаваць працэдуру абраньня аднаго кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў — гэта не адно і тое ж. Але першага без другога не існуе. Напачатку трэба, каб усе дамовіліся і прызналі, што патрэбна адна агульная працэдура. І ў нас ёсьць досьвед — калі было пагадненьне, яно выконвалася.

Па-другое, пэрспэктыва выхаду на адзінага кандыдата залежыць ад пасьпяховасьці рэалізацыі праектаў “кіраваная дэмакратыя” і “кіраваная апазыцыя”. Калі гэты праект будзе пасьпяхова рэалізоўвацца, то выхад на адзінага кандыдата малаверагодны. І я гэта кажу дыпляматычна. Ён будзе немажлівы ў прынцыпе”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч кажа, што насьпеў час перайсьці ад “абсмоктваньня таго, што сказаў той ці іншы эўрапейскі чыноўнік пра Беларусь, да абмеркаваньня таго, што насамрэч адбываецца ў краіне”. Спадар Івашкевіч кажа, што сёньня ніхто (уключна з Партыяй камуністаў Беларускай і рухам “За свабоду”) ня выступіў супраць таго, што на прэзыдэнцкіх выбарах павінен быць адзіны кандыдат:

“Гэта азначае, што над усімі развагамі аналітыкаў пра тое, што будуць дзесяць кандыдатаў, што яны пойдуць пяцьцю ці дзьвюма калёнамі, ставіцца кропка. Будзе адзін кандыдат.

І другое. Мы вырашылі абмеркаваць праект мэханізму вылучэньня адзінага кандыдата. І ў мяне просьба да аналітыкаў і журналістаў — паглядзець і даць свой камэнтар ня толькі з улікам мінусаў, якія яны знойдуць, але і з прапановамі. Мэханізм прадугледжвае, каб кандыдатам у прэтэндэнты ад АДС на пасаду прэзыдэнта мог стаць любы грамадзянін Беларусі, каб у вызначэньні яго мог удзельнічаць любы грамадзянін Беларусі. І каб той адзіны мог прадэманстраваць рэальную падтрымку жывых людзей”.

Сёньня ж Аб’яднаныя дэмсілы вызначылі двух журналістаў, якія “найбольш аб’ектыўна пісалі пра дзейнасьць АДС”. Гэта Генадзь Кесьнер (газэта “Новы час”) і Сяргей Пульша (БелаПАН).

Іх узнагародзілі вінчэстэрамі для кампутараў. Гэта тое, што, паводле прадстаўнікоў АДС, “найбольш патрэбна журналістам”.

http://www.svaboda.org/Content/Article/1740947.html

Катэгорыі: Навіны |

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline