Крызісу ў банкаўскай сфэры Беларусі ня будзе. Пра гэта сёньня афіцыйна заявіў старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч. Былы банкір Багданкевіч прагназуе новую дэвальвацыю беларускага рубля.
Пётар Пракаповіч паабяцаў стабільнасьць. Найперш гэта тычыцца курсу беларускага рубля ў кошыку валют (даляр, эўра, расейскі рубель) і далейшага крэдытаваньня эканомікі. Нават пэўныя складанасьці з экспартам беларускай прадукцыі гэтаму не перашкодзяць, казаў сёньня старшыня праўленьня Нацбанку:
“Мы павінны працаваць над выкананьнем Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі, якія зацьверджаныя ўказам кіраўніка дзяржавы летась. І яны павінны забясьпечыць банкаўскае суправаджэньне эканамічнага росту ў памеры 10—12%”.
Спадар Пракаповіч таксама казаў, што да ўсялякіх парадаў прыслухоўвацца не зьбіраецца:
“Плюс-мінус 5% — гэта гарантыя стабільнасьці нацыянальнай валюты, якая будзе цягам гэтага году. Адступленьня ад гэтага ня будзе, перагляду, у той ці другі бок, таксама ня будзе. Мы не прымаем парады, якія нам даюць: павялічыць дэвальвацыю, пашырыць калідор да 10—15% і г.д. Рашэньне, якое прынялі 2 студзеня, найбольш аптымальнае. І мы яго пераглядаць ня будзем.
Што тычыцца працы ў другім квартале, дык тут мы будзем працаваць, каб калідор стаў вузейшым. Будзем працаваць у памеры плюс-мінус 1% цягам другога кварталу”.
Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі прафэсар Станіслаў Багданкевіч шчыра прызнаецца: немагчыма зразумець, што адбываецца ў эканоміцы краіны. Калі глядзець на афіцыйныя лічбы, то ўсё выглядае ня проста добра, а нават цудоўна. А насамрэч нешта тут ня так, разважае прафэсар:
“Прамысловасьць працуе на склад. Астаткі складзкіх запасаў на 1 красавіка машынабудаваньне падвоіла, у нафтахіміі яны нават больш чым падвоіліся. Дык, як я разумею, ня будзе вяртаньня крэдытаў, калі няма рэалізацыі. Ну сапраўды, калі тавары не прадаюцца, дык чым пагашаць пазыкі? Гэта ж — наўпроставая залежнасьць.
А я слухаю Пятра Пракаповіча і чую, што ў нас доля сумнеўных крэдытаў, то бок пратэрмінаваных і пралянгаваных, складае толькі 1% ад усіх крэдытаў. Гэта ж фантастыка! Я ў гэта ня веру. Але ж афіцыйныя лічбы такія. І я сёньня іх зноў глядзеў. Усё — па-ранейшаму. Альбо яны гэта знарок утойваюць, альбо ня маюць дакладнай інфармацыі, альбо супакойваюць грамадзтва. Вось гэтага я не разумею. Галоўнае пытаньне: ці будзе крызіс у банкаўскай сфэры? А ён мусіць быць”.
Экс-старшыня праўленьня Нацбанку прагназуе новую дэвальвацыю беларускага рубля:
“Калі дэфіцыт гандлёвага балянсу, афіцыйна абвешчаны, складае 1 мільярд 866 мільёнаў за квартал і ён павялічыўся параўнальна зь мінулым годам за гэты ж час у два з паловай разы, дык гэта азначае, што папярэдняя дэвальвацыя нічога не дала. А значыць, трэба новую праводзіць”.
http://www.svaboda.org/Content/Article/1619249.html
