Дэпутаты Нацыянальнага сходу Беларусі не падтрымалі ініцыятыву стварэньня грамадзкай камісыі па пераглядзе крымінальных і грамадзянскіх справаў.
Зварот з такой ініцыятывай група грамадзянаў накіравала 8 красавіка Аляксандру Лукашэнку, а таксама кіраўнікам абедзвюх палатаў Нацыянальнага сходу Ўладзіміру Андрэйчанку і Барысу Батуру. Пад лістом стаяла 950 подпісаў. Зварот ініцыявала група жанчынаў, нязгодных з рашэньнямі па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваіх блізкіх.
У лісьце адзначалася, што мноства дзясяткаў грамадзянаў, нязгодных з неабгрунтаванымі рашэньнямі па сваіх грамадзянскіх і крымінальных справах, гадамі спрабуюць атрымаць аргумэнтаваныя адказы ад старшыні Вярхоўнага суда й генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь. На думку аўтараў звароту, дзейнасьць грамадзкай камісыі дазволіць выключыць судовыя памылкі й дасьць шанец тым, хто абгрунтавана лічыць, што пры разглядзе ягонае справы было парушана заканадаўства.
Як інфармуе БелаПАН, у зваротным лісьце кіраўнік камісыі па заканадаўстве й дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Яўген Смірноў паведаміў, што ў заканадаўстве адсутнічаюць праўныя падставы для стварэньня грамадзкай камісыі па пераглядзе крымінальных і грамадзянскіх справаў.
Ён нагадаў, што паводле Канстытуцыі судовая ўлада ў краіне належыць судам. Таму ў нашай краіне нельга ствараць ніякіх іншых ворганаў для разгляду й вырашэньня крымінальных і грамадзянскіх справаў.
Крыніца: БелаПАН

