Ёсьць выбар: у масках альбо дыстанцыйна. Фота - DepositPhotos

20 красавіка дзеці павінны вярнуцца да вучобы — так у пятніцу вырашыў Лукашэнка. Мінадукацыі растлумачыла: хто хоча, можа вучыцца дыстанцыйна, астатніх чакаюць у школах. (правапіс – першакрыніцы)

Тут плануюць праводзіць адпаведныя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, каб не дапусціць распаўсюджвання каранавіруса. Праўда, некаторыя з іх здзівілі беларускіх бацькоў, піша Tut.by.

«Паважаныя бацькі. У дзяцей, якія прыйдуць у панядзелак у школу, перад урокамі абавязкова памераюць тэмпературу. Увесь дзень — і на ўроках, і на перапынках – дзеці павінны быць у масках. У кожнага з вучняў павінны быць асабістыя антысептыкі для апрацоўкі рук», — такія ці падобныя паведамленні атрымалі ў пятніцу і суботу бацькі вучняў многіх мінскіх школ. У рэдакцыі TUT.BY ёсць больш за дзясятак скрыншотаў паведамленняў ад класных кіраўнікоў у бацькоўскіх чатах з такім зместам. Патрабаванні ад адміністрацый прыйшлі як бацькам першакласнікаў, так і старэйшай школе.

— Мая дачка ў першым класе. Я не ўяўляю, як прымусіць сямігодку ў прынцыпе надзець маску — не тое што праседзець у ёй некалькі гадзін. Аджа яе яшчэ трэба мяняць — ці стане першаклашка за гэтым сачыць? Сама нашу маску, бо мушу ездзіць на працу на грамадскім транспарце, — і ведаю, што ў медыцынскай аднаразовай масцы дастаткова некамфортна дыхаць нават даросламу, не тое што дзіцяці, — распавядае мінчанка Ірына.

Жанчына кажа, што чат іх класа другі дзень гудзе на тэму таго, што іх дзеці — а ў школу ў панядзелак пакуль збіраюцца каля 10 першаклашак з 29 — будуць рабіць з маскамі і антысептыкамі.

— Бацькі смяюцца — але гэта насамрэч не смешна, – што спачатку дзеці вытруць маскамі падлогі, рукі і твар адзін аднаго, потым выпараць у вочы антысептыкі або паспрабуюць іх на смак… Гэта ж дзеці! І хто за гэта будзе адказваць? Каму ўсё гэта трэба?

Аляксандр у нядзелю збіраецца ісці ў аптэку па марлевую маску для сваёй дачкі — васьмікласніцы адной з мінскіх школ.

— Класная напісала: антысептыкі і маскі будзе правяраць на ўваходзе дзяжурны педагог, хто не выконвае правілы — можа быць не дапушчаны да заняткаў. Дачка сёння паспрабавала пахадзіць дома ў медыцынскай — кажа, дыхаць дрэнна і акуляры пацеюць праз хвіліну. Дакладна ведаю, здыме, як толькі выйдзе з майго поля зроку. Купім марлевую, можа, яна лепш «дыхае».

— Наколькі я ведаю, адміністрацыі нашай школы даслалі вельмі расплывістыя рэкамендацыі: маўляў, дзяцей трэба пасадзіць па адным, у сталовай сачыць, каб не кантактавалі з іншымі класамі, усе павінны выконваць масачны рэжым, — распавядае педагог адной са сталічных гімназій на ўмовах ананімнасці. — Вось толькі мне да гэтага часу ніхто не патлумачыў, як пасадзіць па адным клас з 28 чалавек — каб яны ўсе раптам вырашылі 20 чысла пачаць вучыцца вочна. І што такое масачны рэжым, таксама не патлумачылі: хто павінен быць у масках? я? дзеці? і мы, і дзеці? Адміністрацыя папрасіла: папярэдзьце бацькоў, каб у кожнага усё было. У маім 5-м класе на вучобу ў панядзелак, мяркуючы па апытанні у чаце, збіраецца 1 чалавек. Ну, як-небудзь справімся.

У канцы тыдня TUT.BY ў Міністэрстве адукацыі тлумачылі, што па школах сапраўды разаслалі правілы арганізацыі навучальнага працэсу: кожны клас павінен вучыцца ва ўласным кабінеце, рассаджвацца за партамі трэба па адным і карыстацца толькі сваімі прыладамі, на перапынках школьнікам рэкамендуюць пазбягаць цялесных кантактаў, рэгулярна карыстацца антысептыкам і выконваць асноўныя правілы масачных рэжыму. Як гэта ўсё арганізаваць – вырашыць кіраўнік кожнай установы адукацыі.

Нагадаем, пасля таго як па гэтай тэме выказаўся Аляксандр Лукашэнка (ён лічыць, што дзецям пара вяртацца ў школы, Міністэрства аховы здароўя выказвае больш асцярожнае меркаванне), Мінадукацыі прыняла рашэнне, што з панядзелка дзеці вяртаюцца на заняткі. Гаворка ідзе пра тое, што з 20 красавіка школы гатовыя пачаць адукацыйны працэс у ранейшым рэжыме. З гэтага дня пачынаецца чацвёртая чвэрць.

Паводле nn.by

Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА

Lićviny-INFA

Гэты артыкул размешчаны 19.04.20 18:10 у катэгорыі: Cупольнасьць, Адукацыя, Артыкулы, Здароўе, Навіны.
Вы можаце сачыць за водгукамі праз RSS 2.0 разсылку. Вы можаце пакінуць водгук, альбо скарыстацца трэкбэкам з вашага уласнага сайта.
  1. 19.04.20 18:16: Al Lapicki [ ]

    Каб абыйсьці мас-ЗАРАЗУ ды НЕ АТРУЦІЦЦА

    Такое ўражаньне, што ні зрабі – усё кепска. Ужо й вабар далі – не ўспрымаюць. Ня ведаюць, што зь ім рабіць.

    Чуецца толькі тое, што жадаюць пачуць ці ўбачыць, падхапіўшы агульную хвалю ці то мала абаснаванай эйфарыі, ці звыклага безадказна-бязьдзейснага ўсеагульнага “адабрамсу” ці незадавальненьня.

    Прымайструй да любога (найперш дэструктыўнага) настрою сваю самую бязглуздую, фантастычную ці нават шкодную для ўсіх і кожнага канцэпцыю, выснову альбо мэту, – праглынуць і не заўважуць, што яна супярэчыць здароваму сэнсу ды нават яшчэ ўчорашняй катэгарычнай і цалкам супрацьлеглай, але таксама усеагульнай, адзінаправільнай пазыцыі … Нешта падобнае праглядазецца і ў сытуацыі зь Мінадукацыяй і рэакцыяй некаторых бацькоў на новыя правілы ва ўмовах пандэміі падчас новай навучальнай чвэрці.

    Даўно вядома, што любая катэгарычнасьць – прыкмета абмежаванасьці. Але без самастойнага мысьленьня, здольнасьці слухаць і чуць, глядзець і бачыць, рабіць свой уласны асэнсаваны выбар, прымаць адэкватныя і адказныя самастойныя рашэньні – няма ані дэмакратычнага грамадзтва, ані суверэннай дзяржавы, ані вольнай, незалежнай краіны.

    Але праз устойліва прадказальны вітальны канал і агульнапрызнаную псэўда-звычку, праз інэрцыйную зацыкленасьць – можна кіраваць “калектыўным розумам”
    супольнасьці. Імпульсыўна-інэрцыйная ды ахлакратычна-натоўпавая сьвядомасьць – нешта вельмі штучнае, далёкае ад рэальнай фактуры – віртуальнае. Калі ж у гэтым усім ёсьць свая акрэсьлена нэгатыўная дамінанта – яе проста можна ініцыяваць і, прыкладаючы мінімум намаганьняў (як у “айкідо”), – скарыстаць, скіраваўшы ў патрэбны прафэсійнаму гульцу-“лялькаводу” бок. І менавіта гэты агрэсіўна-разбуральны нэгатыў, пабудаваны на хлусьні ці на “праўдзе з недамоўкамі” і вядомая для любой супольнасьці масавая інэрцыйнасьць – ёсьць добрай глебаю для любога колеру бальшавізму … “самага настаяшчага”.))(

    А вось асэнсаванае, тым больш адэкватнае, новае, незвычайнае ці нязручнае ў новай сытуацыі – без звыклага ЗАГАДУ ці ПРЫМУСУ – застаецца незразумым,
    хоць паўтары гэта 100 разоў. Тым больш – спакойным тонам. Проста – не далятае, не прабівае панцыр – не даходзіць. І ў выніку – застаецца не пачутым, не асэнсаваным і не зразумелым.

    Тым больш – калі яшчэ (як у нашым выпадку, нарэшце) даецца свабодны выбар (!?). А мы яшчэ жадаем, каб гэты самы “свабодны выбар” быў (у ідэале) АСЭНСАВАНЫМ.

    Але большасьць пасьля гэтага яшчэ чакае, каб нехта неяк ім усё гэта “асэнсаваў” – данёс праз звыклыя КАМАНДЫ-ЗАГАДЫ, ЗАБАРОНЫ ды іншыя
    прапагандыскія прыёмы, каналы ды “эмацыйна-ідэалягемныя патэрны”. Большасьць “сядзіць на іголцы” мас-мэдыйнага прапагандыскага шуму ды
    праз каналы “нэйра-лінгвістычнага праграмаваньня” у любы час “х” здольнае быць скіраваным у “адзінаправільным кірунку”.
    Бо жыве ва ўмовах звыклай, рэфлектыўна-імпульсіўнай цалкам прадказальнай інэрцыі.

    Калі ж мы нарэшце пазбавімся ад кайданоў сьляпога ў сваёй бязьлітаснасьці і безадказнага за “СЛОВА” натоўпу,
    які фактычна ўкрыжаваў свайго Выратавальніка – Хрыста?

    Калі навучымся быць сабою тут і цяпер, быць суб’ектамі, а не аб’ектамі маніпуляцыяў і рознаскірваных уплываў?

    У гэтым – галоўныя праблемныя пытаньні ў назіраемых сёньня няпростых, выпрабавальных для грамадзтва ды краіны ўмовах.

    Прыклад зь Мінадукацыяй Беларусі й бацькамі напярэдадні новай навучальнай чвэрці ва ўмовах пандэміі – паказальны.

    Ва ўмовах пандэміі ды нафтава-энэргетычных, рынкавых войнаў, росту агрэсыўнасьці й злому міжнародна прызнаных нормаў права навокал –
    усе адзначаныя вышэй пытаньні зараз яшчэ больш актуальныя.

    Але пакуль інтэрпрэтатары інтэрпрэтацыяў (як гандляры на другасным рынку б.у. неліквіду) працягваюць “за чыстую манэту” збываць заангажаванаму
    сытуацыяй спажыўцу “праўдзівага СЛОВА” увесь арсэнал назапашаных, выгодных “тут і цяпер” стэрыятыпаў. У ход запускаюцца нават відавочна непрыдатныя
    й шкодныя для ўжываньня любога здаровага арганізму рэчывы й рэчы …

    У такой сытуацыі жыцьцёва важна – сваечасова ачуняць і спыніцца, каб адмовіцца ад небясьпечных “дароў данайцаў” ды абыйсьці бокам гэтую ПРЫЧЭПІСТУЮ
    мас-ЗАРАЗУ, каб НЕ АТРУЦІЦЦА, не быць скарыстанымі супраць саміх сябе, каб чарговы раз, але ўжо канчаткова й назаўсёды – не памыліцца.

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline