У першы дзень датэрміновага галасаваньня “Жодзінскія Навіны” на сваім сайце зрабілі тэрміновы рэпартаж з выбарчага ўчастку №23 (інтэрнат КЗЦШ) і паказалі карцінку, на якой датэрміновае галасаваньне праходзіць пры поўным складзе камісіі, а маладая сям’я зь 2-ма дзецьмі спачатку бярэ, а потым апускае бюлетэні ў празрыстыя скрыні …
“Што тут такога?”, – спытаеце вы. – У чым падвох?
Па-першае, як вынікае з карцінкі, недасьведчаны можа падумаць, што падчас датэрміновага галасаваньня выбарчыя камісіі працуюць у поўным складзе. Насамрэч поўны склад камісіі пасадзілі за сталы толькі дзеля рэклямнай карцінкі, якая не адлюстроўвае рэальнасьць. Сябры камісіі зьбіраліся толькі для правядзеньня сходу і аплямбіяваньня выбарчых скрыняў. Далей за сталамі будуць працаваць па 2 дзяжурных сябра камісіі.
Па-другое, напрыканцы публікацыі “Жодзінскія Навіны” вуснамі сябраў сям’і Галівуліных акцэнтавалі ўвагу чытача на тым, што свой выбар гэроі публікацыі зрабілі цалкам сьвядома й асэнсавана, бо
1) “з праграмамі кандыдатаў” яны “ужо даўно ўважліва азнаёміліся” (!?), і
2) “таму прагаласавалі за чалавека годнага і мэтаскіраванага” (!?). “Хочацца, каб менавіта ён атрымаў перамогу“, – сказалі яны.
Першае аказалася відавочнай хлусьнёю, бо выбарчая кампанія ў Жодзіне характэрна тым, што праграмаў у кандыдатаў (за рэдкім адзінкавым выключэньнем) не выраблялася, і іх нідзе нельга ўбачыць.
Другое становіцца хлусьнёю, у выніку элемэнтарнай лёгікі і прычына-сьледчай сувязі.
Нельга ведаць пра “годнасьць і мэтаскірванасьць кандыдата”, як мінімум, не прачытаўшы ягонай праграмы, а толькі пасьля азнаямленьня з фатаграфіяй і кароткімі біяграфічнымі дадзенымі апошняга з цэнтралізавана вырабленай інфармацыйнай улёткі.
Старшыня выбарчай камісіі УВК № 23, што трапіла ў поле зроку “Жодзінскіх Навінаў”, Людміла Харужая, таксама нідзе ня бачыла агітацыйных матэрыялаў і праграмаў кандыдатаў у Гарадзкую раду дэпутатаў, у тым ліку і зь ейнага выбарчага ўчастку.
Яна адзначыла, што лічыць слушнай і падтрымлівае пазыцыю незалежнага назіраньня ў Жодзіне адносна таго, што ў кандыдатаў акрамя падобнай біяграфічнай інфармацыі абавязкова павінны быць уласныя выбарчыя праграмы альбо хаця б праграмныя тэзісы, каб выбарнікі маглі свабодна прачытаць іх і ведаць за каго варта аддаваць свой голас.
Такім чынам, у сувязі з тым, што ў горадзе з 68 кандыдадатаў свае праграмы на 13.02.2018 (за 4 дні да дня галасаваньня) вырабілі і прадставілі ў Жодзінскую ГВК (што засьведчыла праверка незалежнага назіраньня пасьля 18-00, 13.02.2018) толькі 3 чалавекі. Гэта – Натальля Сушко, экс старшыня гарадзкой Рады дэпутатаў, – аўтазавадзкая акруга № 9; Валеры Бандарэнка і Аляксандар Мыцко – Купрыянаўская выбарчая акруга № 1. Агітматэрыялаў Кандыдатаў Бусько ды Ярмоленкі, якія таксама стваралі свае выбарчыя фонды для вырабу агітматэрыялаў, у Жодзінскай ГВК на гэты час, чамусьці, не знайшлося.
Астатнія кандыдаты (у тым ліку й тыя, што балятуюцца па акругах разглядаемай Моладзевай УВК № 23) ніякіх выбарчых праграмаў не публікавалі.
У сувязі з гэтым матэрыял “Жодзінскіх Навінаў” разьлічаны на недсьведчаную аўдыторыю і ўводзіць сваіх чытачоў у зман.
У выніку можна зрабіць выснову, што публікацыя “Жодзінскіх Навінаў” скіраваная і на прыхаванае рэклямаваньне “датэрміновага галасаваньня”, і на агітацыю праз дзяржаўную прэсу “праграмы” аднаго “годнага і мэтаскіраванага” кандыдата з УВК № 23, які (быццам бы) такую праграму мае і апублікаваў для азнаямленьня сваіх выбарнікаў.
P/S
Як паведамляе незалежнае назіраньне кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Жодзіна, пытаньні па публікацыі “ЖН” узьніклі адразу наконт выказваньня адносна “праграмаў кандыдатаў”. У гэтай сувязі назіральнік у Жодзінскай Гарадзкой выбарчай камісіі Аляксей Лапіцкі вырашыў ўдакладніць сытуацыю з наяўнасьцю агітацыйных матэрыялаў у ГВК і на дадзеным участку, а таксама паглядзець, хто на ім балятуецца …
Аказалася, што пададзеная “Жодзінскімі Навінамі” інфармацыя ўводзіць у зман і жодзінскіх выбарнікаў, і любога, хто пачытае гэты артыкул.
Высьветлілася, што на паказаным у публікацыі выбарчым участку няма кандыдатаў у гарадзкую Раду, якія б адчынялі свае выбарчыя фонды і выраблялі свае ўласныя агітацыйныя матэрыялы.
– У іх проста няма ні агітацыйных матэрыялаў, ні праграмы, якую “так уважлтва і даўно вывучылі” прагаласаваўшыя датэрмінова Галівуліны. Пра што паведамляе афіцыйная газэта жодзінскага выканкаму (галоўная рэдактарка “ЖН”, Людміла Курбанава, таксама ў чарговы раз балятуецца ў гарадзкую раду па безальтэрнатыўнай акрузе), – адзначае назіральнік Аляксей Лапіцкі.
Паводле незалежнага назіраньня
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА
Фота: Аляксея Лапіцкага