
Перад "пустой залай". Пачатак агітсустрэчы д.а. П.Пархомчыка ў "Моладзевым Цэнтры" 08.02.2018. Фота Аляксея Лапіцкага.
На гэтыя сустрэчы яўка калектыву “Моладзевага Цэнтру” была абавязковай! Пра сустрэчы друкавалася ў “Жодзінскіх Навінах” і на сайце “ЖН”.
Сустрэча з выбарнікамі даверанай асобы кандыдата ў Менскую абласную Раду дэпутатаў Пятро Пархомчыка (магістральная акруга №24) і 4-х кандыдатаў па акругах №11, 12, 13 і 14 у памяшканьне “Моладзевага Цэнтру” (УВК Будаўнічага ўчастку для галасваньня – акругі №12 і №13 і №25) не прыйшло ніводнага выбарніка з гэтых акругаў.
Замест іх на сустрэчах, – 08.02.2018, з даверанай асобаю П.А. Пархомчыка, В.А. Трускоўскім, і 09.02.2018 з кандыдатамі Барсуковым К.М., Зубко С.У., Дубоўскім Г.У. і Быліцкім В.В., – прысутнічала 6 і 4 чалавекі адпаведна!

Кандыдаты ў дэпутаты: С.Зубко, К.Барсукоў, Г.Дубоўскі, В. Быліцкі, 09.02.2018, перад "пустой залаю". Фота Аляксея Лапіцкага.
На гэтыя сутрэчы не прыйшло аніводнага выбарніка з гэтых 4-х акругаў:
2-3 – супрацоўніцы працоўнага калектыву “Моладзевага Цэнтру” – прысутнічалі на кожнай сустрэчы (гл. абвестку з заклікам на сустрэчы),
1 – супрацоўніца выканкаму (на першай сустрэчы),
1 – дэпутатка гарадзкой Рады 27-га скліканьня (на другой сустрэчы) … з улікам
2-х неапазнаных (без уліку 1-го незалежнага назіральніка).
Сустрэча з В.А.Трускоўскім
На сустрэчы вельмі падрабязна й доўга распавядалася працоўная біяграфія кандыдата Пятра Пархомчыка, пра ягоныя заслугі як дырэктара ПА “БелАЗ”, а таксама пра стан завода і дасягненьні працоўнага калектыву. Тлумачылася, што ў Менскай абласной Радзе дэпутатаў неабходна прадстаўляць інтарэсы ПА “БелАЗ”, і лепш за ўсіх з гэтым справіцца дырэктар, які павінен быць непасрэдна інфармаваным пра сытуацыю ў Менску і ўплываць на рашэньні Менскай гарадзкой Рады. Пры гэтым, ніякіх дадатковых агітацыйных матэрыялаў альбо выбарчай праграмы кандыдату прысутным на сутрэчы не прадстаўлялася. Пытаньняў да выступрўцы практычна не было…
Сустрэча з 4-ма кандыдатамі
На сустрэчу з 4-ма кандыдтамі зьявіліся тыя ж самыя асобы з працоўнага калектыву “Моладзевага Цэнтру” і былая дэпутатка гарадзкой Рады 27-га скліканьня.
- Эксдэпутатка гарадзкой Рады на сустрэчы 09.02.2018. Фота Аляксея Лапіцкага.
На пытаньні адной з удзельніц пра наяўнасьць выбарчых праграмаў у прысутных кандыдатаў, апошнія доўга тлумачылі, што яны ім не патрэбныя.
Бо сваю ролю ў мясовай Радзе (бачна, у іх не было й сумніву, што яны ўжо зьяўляюцца дэпутатамі) яны бачуць у тым, каб рэагаваць на канкрэтныя праблемныя звароты выбарнікаў і дапамагаць ім вырашаць праблемы адпаведна сваёй прафэсійнай арыентацыі альбо спэцыфікі – па дзіцячых пляцоўках, па мэдыцыне, у сфэры ЖКГ і г.д.
Пры гэтым, высьветлілася, што праблемныя пытаньні ці нават цікавыя для горада прапановы, якія пачалі задаваць і выказваць кандыдатам прысутныя (у тым ліку і незалежны назіральнік, як жыхар Жодзіна) – з цяжкасьцю знаходзяць разуменьне ў кандыдатаў альбо ў сілу малой іхнай інфармаванасьці па адзначанай тэматыцы, альбо – ня веданьня заканадаўства, альбо з-за таго, што яны як раз маюць вялікі досьвед выключна ва ўласнай прафэсійнай сфэры і нават, часам, ня могуць зразумець сутнасьць ці значнасьці ўзьнятых на паседжаньні пытаньняў альбо прагучаўшых прапановаў.
Толькі кандыдат С.У. Зубко, напрыклад, – пасьля 30 хвілінаў дыскусіі з удзельніцамі сутрэчы, – змог адэкватна адказаць на першае пытаньне да кандыдатаў ад жыхаркі Жодзіна (з вул. Сухаградзкая, 10) пра неабходнасьць спыненьня дыскрымінацыйнай практыкі адносна жыхароў жыльлёвых капэратываў, якія ў роўнай ступені ўдзельнічаюць у адлічэньнях у гарадзкі бюжэт і маюць права на адпаведную падтрымку з пабудоваю дзіцячых дваравых пляцовак.

Супрацоўніца "Моладзевага Цэнтру", якая запыталася пра агітацыйныя праграмы кандыдатаў. Фота Аляксея Лапіцкага.
Выглядала так, што кандыдаты й насамрэч лічаць сябе ўжо дэпутатамі, і бачуць прамыслова-вытворчы прынцып фармаваньня градзкой Рады (у асноўным з складу дзяржчыноўнікаў, начальства і дырэктарату) абаснаваным для паляпшэньня ейнай эфэктыўнасьці.
Аднак, пры такім вытворча-памэнклятурным падыходзе да фармаваньня складу дэпутатаў, гарадзкая Рада, як заўсёды, будзе падкантрольным выканаўчай уладзе інcтрумэнтам не для прадстаўленьня інтарэсаў грамадзянаў (у чым, насамрэч, ёсьць ейнае асноўнае прызначэньне), а для прасоўваньня і аховы адпаведных карпаратыўных і вытворчых інтарэсаў, а не інтарэсаў розных слаёў грамадзянаў, жыхароў Жодзіна.
Як сьледзтва такой пазыцыі, у супрацьвагу запытаў адной з прысутных грамадзянак пра агітацыйныя праграмы, – усе кандыдаты выказаліся пра тое, што такія праграмы ім не патрэбныя, як і адпаведныя агітацыйныя матыэрыялы для выбарнікаў.
У той жа час, усе разам прызналі незразумелым ім і ненармальным той факт, што з прыкладна 6 000 выбарнікаў іхных 4-х аб’яднаных акругаў (№№11, 12, 13 і 14), – як трапна заўважыў Кірыл Барсукоў, – на сутрэчу з кандыдатамі не прыйшло ніводнага іхнага выбарніка.
Бо ўсе зразумелі, што прысутныя на іхнай “сустрэчы з выбарнікамі” найперш выконвалі свае альбо службовыя абавязкі, альбо дэлегаваныя функцыі.
Ня гледзячы на такі склад удзельнікаў, прысутныя здолелі прагматычна прыняць існуючы стан рэчаў і ўмовы, у якіх праходзіць цяперашняя выбарчая кампанія – без агітацыі і дастатковай інфармацыі пра кандыдатаў, без іхных агітацыяных матэрыялаў і праграмаў.
Яны праявілі цікавасьць адзін да аднаго як асобаў і прафэсіяналаў у сваёй сфэры, паразмаўлялі па душах, паўдзельнічалі ў завязаўшайся дыскусіі.
Дэпутацкія наказы ад прысутных
Напрыканцы прагучалі і “дэпутацкія наказы” пра неабходнасьць паляпшэньня мэдычнага абслугоўваньня й набыцьцё дадатковай дыягнастычнай апаратуры (наказы ад эксдэпутаткі), пра дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі і няроўнасьць жыхароў розных дамоў адносна дапамогі ад горада (ад жыхаркі дома па вул. Сухаградзкая, 10), пра неабходнасьць падтрымкі беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, мовы і культуры праз рашэньні гарадзкой Рады (ад сацыяльнага пэдагога і псыхоляга “Моладзевага Цэнтру”).
Назіральнік, Аляксей Лапіцкі, прапанаваў упрыгожыць горад новымі таблічкамі з надпісамі вуліцаў па-беларуску (як таго патрабуе Закон “Аб назвах гэаграфічных аб’ектаў у Рэспубліцы Беларусь”) з выканьнем правіла, прапісанага ў ім адносна назваў гэаграфічных аб’ектаў, якое кажа, што пазначаць назвы неабходна на беларускай мове і не перакладаць іх у далейшым, а запісваць з дапамогаю трансьлітэрацыі (калі гэта неабходна для надпісаў на любой іншай мове) …
Удзельнік сустрэчы таксама папрасіў кандыдатаў падтрымаць ягоную ідэю па стварэньні вялікага мастацкага пано Францішка Скарыны на тарцавой сьцяне жылога дома №3 па вул. Ф.Скарыны. Гэта магло б зьмястоўна дапоўніць і ўпрыгожыць ужо існуючую кампазыцыю адпаведных пано, створаных у Жодзіне за апошні час па вул. 50 Год Кастрычніку.
Праваабаронца таксама выказаўся за спыненьне марнатраўства бюджэтных сродкаў на безгустоўную і заганную практыку фарбаваньня дарожных бардзюраў вапнаю, што ў выніку не ўпрыгожвае, а працягвае толькі псаваць гарадзкі выгляд, – прыклад параўнаўчага фотарэпартажу А.Лапіцкага – гл. тут.
НАГЛЯДНА ПРА СУСТРЭЧУ
Першыя 2-а пытаньні, пра праграмы каныддатаў і дзіцячыя пляцоўкі
– відэа глядзі ТУТ
Паводле незалежнага назіраньня
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА
Lićviny-INFA
Фота, відэа: Аляксея Лапіцкага
Вы можаце сачыць за водгукамі праз RSS 2.0 разсылку. Вы можаце пакінуць водгук, альбо скарыстацца трэкбэкам з вашага уласнага сайта.
[…] На сутрэчы з 4-ма кандыдатамі (Зубко С.У., Барсуковым К.М., Дубоўскім Г.У. і Быліцкім В.В. – гл. за сталом з правага боку – налева) у Жодзінскім “Моладзевым Цэнтры” аказалася “НУЛЬ” выбарнікаў. […]