
Дэпутат ПП НС Беларусі ад Жодзіна, Дзьмітры Заблоцкі падчас сутрэчы 04.01.2018. Фота Аляксея Лапіцкага.
Сустрэча жодзінскага праваабаронцы Аляксея Лапіцкага з дэпутатам ад Жодзіна ў ПП НС Беларусі, Дзьмітрыем Заблоцкім, адбылася 04.01.2018г. і доўжылася больш за гадзіну.
За гэты час было абмеркавана шмат актуальных пытаньняў.
Жодзінскі праваабаронца выклаў сваю пазыцыю адносна неабходнасьці ўнясеньня зьменаў у заканадаўства ды імплемэнтацыю на практыцы міжнародных і канстытуцыйных стандартаў у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў і свабодаў такіх, як права на свабоды:
мірных сходаў,
выказваньня меркаваньняў,
асацыяцыяў.
Адносна апошняга права, у прыватнасьці, праваабаронца патлумачыў пра неабходнасьць адмовы ад абсурднага й ганебнага для Беларусі дыскрымінацыйнага арт. 193-1 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, які ў супрацьвагу міжнародным стандартам права і самой лёгіцы ўзьнікненьня й разьвіцьця (жыцьцёвага цыклю) любой арганізацыі – крыміналізуе адну з асноўнейшых пачатковых фазаў ейнага станаўленьня, перашкаджаючы росту карысных для грамадзтва ініцыятываў, непрыбытковых арганізацыяў (НДА-НКА), бо ўводзіць крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў.
Гаворка таксама адбылася і па даўно пастаўленых перад уладаю, але не вырашаемых дагэтуль пытаньнях беларускай мовы ў назвах гэаграфічных аб’ектаў і вуліцаў у Жодзіне, адпаведнага беларускамоўнага афармленьня візуальнага асяродзьдзя ў Жодзіне й рэгіёне.
Копіі дакумэнтаў па праблеме, фіксуемыя з 2008 году падчас перапіскі з гарадзкімі адміністрацыямі – глядзі ў ДАДАТКАХ да артыкула “Аляксей Лапіцкі: ЖАДАНЬНЕ “НАСАЛІЦЬ” БЕЛАРУСАМ БОЛЬШАЕ, ЧЫМ АБАВЯЗАК “ВЕДАЦЬ І ВЫКОНВАЦЬ” ЗАКОН КРАІНЫ?! (ДАКУМЭНТЫ)”
Мова гэаграфічных аб’ектаў і вуліцаў
У прыватнасьці, па ўзьнятым на сустрэчы першым пытаньні было патлумачана, якія неадпаведнасьці дзейснаму заканадаўству сёньня існуюць у моўнай сфэры на прыкладзе выкананьня-невыкананьня Закона “Аб мове назваў гэаграфічных абъектаў” (далей Закон) у Беларусі.
Закон (ч.1, арт. 17 “Мова найменняў геаграфічных аб’ектаў” – гл. закон у дадатку) прадугледжвае прысваеньне назваў для любых гэаграфічных аб’ектаў – на беларускай мове і ўжо наступную транслітарацыю, а не пераклад беларускай назвы на расейскую. Што ёсьць агульнапрынятым правілам і стандартам для абыходжаньне зь назвамі, імёнамі (якія ніколі не перакладаюцца), які дзейнічае падобным чынам адносна практыкі выкарыстаньня нацыянальных моваў для назваў у любой частцы сьвету, у любой цывілізаванай і паважаючай сябе краіне.
У ч.1, арт.17 Закону непасрэдна адзначаецца:
“У Рэспубліцы Беларусь найменьні гэаграфічным аб’ектам прысвойваюцца на беларускай мове, зь якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову. Найменьне гэаграфічнага аб’екту падлягае дзяржаўнаму ўлiку на беларускай і рускай мовах.”
Адлюстраваньне назвы лацініцай, пры гэтым, – як гэта ўжо ажыцьцяўляецца на практыцы ў сталіцы Беларусі, – неабходна выконваць з выкарыстаньнем існуючай беларускай лацініцы, што прыкладна зь 2013 году скарыстоўваецца для назваў прыпынкаў на станцыях мэтро, беларускай чыгункі, у назвах вуліцаў і паселішчаў на мапах гарадоў Беларусі (гл. фоты ніжэй).
Такім чынам, было патлумачана, што зьдзяйсьняць транслітарацыю на расейкую мову назваў вуліцаў пры скарыстаньні двухмоўных варыянтаў новых таблічак таксама неабходна з захаваньнем пачатковай беларускамоўнай назвы, без ейнага перакладу. А для напісаньня назвы аб’екту лацінскімі літарамі неабходна ўжываць беларускую лацініцу.
Гэта, у сваю чаргу, найперш актуальна для найменьняў вуліцаў у Жодзіне, населеных пунктаў навокал, а таксама адпаведнай транслітарацыі на лацінскі альфабэт беларускіх назваў станцыяў і прыпынкаў на чыгуначым вакзале Жодзіна, станцыі “Жодзіна-Паўднёвае” і на гарадзкім аўтавакзале.
Зразумела, што агульна вядомы прынцып пра тое, што назвы не перакладаюцца, тут ляжыць у аснове дзейснага заканадаўства. Аднак, на практыцы мы яшчэ працягваем сустракацца з такімі адыёзнымі з пункту гледжаньня граматыкі афіцыйнымі выпадкамі, як пасёлак “Акцябрскі“ (у пасёлку Кастрычніцкі, населены пункт в.Пліса, станцыя “Чырвоны Сьцяг“).
Гэта паказвае на неабходнасьць паступовага, але пасьлядоўнага й мэтанакіраванага прывядзеньня існуючай сытуацыі з назвамі вуліцаў ды іншых гэаграфічных аб’ектаў да нормаў дзейснага заканадаўства.
Станоўчыя зрухі ідуць. Але гэта, чамусьці, нельга заўважыць у горадзе БелАЗаў, Жодзіне, і (як мы бачым з прыкладу вышэй) у бліжэйшым рэгіёне. І гэта адбываецца, ня гледзячы на тое, што горад Жодзіна зьяўляецца горадам наўпростага абласнога падпарадкаваньня й знаходзіцца зусім непадалёк ад беларускай сталіцы.
Што замінае Жодзіна паказаць прыклад законапаслухмянасьці, павагі да роднай мовы, а таксама зрабіць горад адметным, утульным, а назвы ў ім візуальна прывабнымі, дасяжнымі й прыцягальным, у тым ліку, і для большасьці замежных турыстаў?
Дэпутат быў праінфармаваны пра папярэднія звароты Аляксея Лапіцкага адносна беларускамоўных назваў вуліцаў у горадзе і атрыманыя ім раней адмоўныя адказы.*
Таксама, па гэтым пытаньні, было ўзгадана пра сустрэчу 03.01.2018 жодзінскага праваабаронцы з першым намесьнікам старшыні Жодзінскага выканкаму Сяргеем Конанам, падчас якой дзяржчыноўнік канцэптуальна падтрымаў прапановы й пацьвердзіў, што праект аднаўленьня шыльдаў з назвамі вуліцаў на дамах у Жодзіне як раз праходзіць сваю архітэктурную дапрацоўку ды неабходныя ўзгадненьні.
а
Іншыя пытаньні, закранутыя пры сустрэчы з дэпутатам.
Падчас размовы 04.01.2018 таксама была закранутая ясна артыкуляваная яшчэ ў 2016 годзе А.Лапіцкім ягоная прававая і грамадзянская пазыцыя адносна памылковасьці, шкоднасьці й верагодных разбуральных наступстваў Дэкрэту №3, пра што жодзінскі праваабаронца папярэджваў у свой час яшчэ кандыдата ў дэпутаты ПП НС Рэспублікі Беларусь Д.Заблоцкага, калі апошні ладзіў свае агітацыйныя сустрэчы з выбарнікамі.
Было адзначана, што падобныя дакумэнты могуць быць толькі вынікам грубейшых памылак улады, якія ўзьнікаюць з-за звычкі чыноўнікаў усіх роўняў ігнараваць імпэратыўныя нормы Асноўнага беларускага Закону (Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), а таксама агульнапрызнаныя міжнародныя стандарты права правоў чалавека, выкладзеныя ў падпісаных нашай краінай адпаведных міжнародных дамовах.
Дэпутат Д.Заблоцкі прызнаў праблемы й праінфармаваў суразмоўцу пра праведзеную працу і далейшы верагодны лёс дадзенага дакумэнту.
Акрамя гэтага па ініцыятыве Аляксея Лапіцкага была закранутая тэма пабудовы новых мэханізмаў і верагодных формаў арганізацыі ўзаемадзеяньня грамадзкасьці горада з зацікаўленымі прадстаўнікамі прадстаўнічай і выканаўчай улады дзеля больш эфэктыўнай прапрацоўкі актуальных для розных колаў жодзінцаў пытаньняў пры ўдзеле адпаведных экспэртаў і дэпутатаў дзеля наступнага найлепшага вырашэньня ўладамі актуальных для грамадзтва праблемаў пры непасрэдным удзеле ў іх вырашэньні мясцовай грамадзкасьці.
Аляксей Лапіцкі прапанаваў усё ж як мага хутчэй выканаць калектыўную прозьбу жыхароў дома №3 па пр. Ф.Скарыны (так званага “Чарнобыльскага Дому”) і зрабіць беларускамоўную назву вуліцы.
Пасьля калектыўнага шматгадовага змаганьня ягоных жыхароў, – адзначае праваабаронца, – дом быў цалкам уцяплён і зараз мае добрыя жыльлёва-эксплюатацыйныя характарыстыкі ды й выдатны выгляд. Была выказана ідэя і па стварэньні з тарца гэтага жылога будынку мастацкага пано з выяваю вялікага беларускага першадрукара й славутай гістарычнай постаці ВКЛ і сучаснае Беларусі – Франіцішка Скарыны.
– Прадуманая і якасна выкананая мастацкі падобная кампазыцыя, разам з старажытнымі беларускімі выявамі бібліі, надпісамі па-беларуску ды гэрбам Ф.Скарыны “Сонцам Маладзіковым”, маглі б не проста добра ўпісацца ў архітэктурны ланшафт і ўпрыгожыць горад, але й стацца завяршальнай у ансаблі падобных пано (створаных нядаўна па пр. 50 Год Кастрыніку – гл. на фота ніжэй) вельмі адметнай візуальнай візытоўкаю ды яшчэ адной разыначкай для жыхароў і наведвальнікаў горада Жодзіна, – лічыць Аляксей Лапіцкі. Такая ідэя выказвалася ім як прапанова і пры сустрэчы 03.01.2018 з першым намесьнікам старшыні Жодзінскага выканкаму, Сяргеем Конанам.
У правым куту зьнізу на фота – від на тарэц дома №3 па пр. Ф.Скарыны, які прапануецца ўпрыгожыць выявай беларускага першадрукара Францішка Скарыны.
_______________________________
а
Дамоўленасьці й працяг камунікацыі
Удзельнікі сустрэчы дамовіліся пра далейшы зацікаўлены абмен прававой інфармацыяй і думкамі праз электронныя сродкі камунікацыі наконт праблемаў дзейснага заканадаўства ды рыхтуемых для прыняцьця ў ПП НС Рэспублікі Беларусь новых законапраектаў.
І ўжо ёсьць зьвесткі пра адпраўку на электронную адрэсу дэпутата Д.Заблоцкага канкрэтных заўвагаў і прапановаў жодзінскага праваабаронцы адносна праекту зьмяненьняў да закону аб масавых мерапрыемствах у Беларусі, які зараз знаходзіцца ў ПП НС Рэспублікі Беларусь на стадыі дапрацоўкі перад другім чытаньнем.
п
ДАДАТКІ:
Закон “Аб мове назваў гэаграфічных абъектаў” у Беларусі (169 Kbt)
* – Калектыўны зварот жыхароў дома №3 па вул. Ф.Скарыны кіраўніцтвам АЖКГ і выканкаму быў праігнараваны – на адноўленым пасьля ўцяпленьня тарцу дома насуперак прозьбы заяўнікоў, як і раней зьявіўся расейкамоўны надпіс, а адмова пісаць назвы вуліцаў па-беларуску там, дзе плянуецца замена старых шыльдаў на новыя, таксама матывавалася эканамічнай немэтазгоднасьцю з-за адсутнасьці належных трафарэтаў … (!?).
Дзьмітрый Заблоцкі, дэпутат ПП НС Рэспублікі Беларусь з Жодзіна, намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасьці, паліўна-энэргетычным комплексе, транспарце й сувязі.
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА
Lićviny-INFA
Фота: Аляксея Лапіцкага
Вы можаце сачыць за водгукамі праз RSS 2.0 разсылку. Вы можаце пакінуць водгук, альбо скарыстацца трэкбэкам з вашага уласнага сайта.
[…] Праўнае абгрунтаваньне дадаткова прыводзілася ў публікацыі і на нашым сайце. […]