04 студзеня 2018г. з 17.30 да 17.55 прайшло паседжаньне Жодзінскай гарадзкой выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Жодзінскай гарадзкой Рады дэпутатаў 28-га скліканьня.
На паседжаньні прысутнічала 11 сябраў камісіі і 2 назіральнікі. Вёў паседжаньне старшыня камісіі Сяргей Афанасенкаў.
Напрацягу 25 хвілінаў, удзельнікі разглядзелі й прынялі рашэньні па трох пытаньнях. Яны адзінагалосна прагаласавалі і ўзгаднілі месцы:
– для разьмяшчэньня агітацыйных друкаваных матэрыялаў;
– для правядзеньня сустрэчаў кандыдатаў у дэпутаты ды іхных давераных асобаў з выбаршчыкамі, а таксама для перадвыбарчых сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі;
– для правядзеньня ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканьнямі, мітынгаў, пікетаваньняў), якія арганізуюцца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Радаў дэпутатаў 28-га скліканьня, іх даверанымі асобамі.
1. Асноўнымі месцамі для агітацыйных плякатаў і ўлётак, без уліку назіраемых раней праблемаў, зноў зацьверджаныя інфармацыйныя стэнды арганізацыяў і установаў, прадпрыемстваў гандлю, а таксама вулічныя інфармацыйныя тумбы.
Камісія не пагадзілася з прапановаю даўгатэрміновага назіральніка, Аляксея Лапіцкага, зьвярнуць увагу на пастаянна фіксуемую праблему, якая замінае кандыдатам безперашкодна й заўважна праводзіць уласную візуальную агітацыйную камапанію ў горадзе.
Прысутныя адмовіліся ўносіць дапаўненьні ў прапанаваны выканкамам варыянт і такім чынам пашыраць магчымасьці для разьмяшчэньня агітацыйных плякатаў кандыдатаў “на іншыя зручныя й прыдатныя для такіх мэтаў месцы, абароненыя ад псаваньня прадукцыі ды заўсёды адкрытыя для агляду грамадзянамі”. Такія месцы маглі б выкарыстоўвацца з дазволу адміністрацыяў установаў, у тым ліку, – на вітражным шкле гарадзкіх крамаў, на нутраных сьценах ці спэцыяльных расьцяжках і г.д..
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Лапіцкі патлумачыў, што
прынятыя правілы візуальнай агітацыі не даюць магчымасьці кандыдатам праводзіць сваю ўласную агітацыйную камапанію адкрыта й заўважна для выбарнікаў. Бо інфармацыйных стэндаў, на якіх толькі й дазволена разьмяшчаць агітацыйныя плякаты ды ўлёткі ў горадзе не існуе. Тыя ж стэнды, якія можна знайсьці й скарыстаць у крамах, альбо занятыя, альбо для такіх задачаў непрыстасаваныя. А інфармацыйныя стэнды, якія мэтава выстаўляе ў свой час выбаркам з прысутнымі на іх аўтабіяграфічнымі улёткамі пра кандыдатаў, – носяць выключна не агітацыйны, а інфармацыйны характар, але яны, як паказвае практыка, заўсёды падмяняць сабодю агітацыйную прадукцыю кандыдатаў. Чаго быць не павінна. Аднак, менавіта яны становяцца на самыя бачныя месцы, мацуюцца на вітражах ці ў тамбурах крамаў, што фактычна зьяўляецца падменаю агітацыйнай кампаніі кандыдатаў цэнтралізаванай інфарамцыйнай кампаніяй выбаркаму.
Кароткая дыскусія ў камісіі па гэтым пытаньні паказала, што большасьць сябраў ГВК ды ейнае кіраўніцтва не разумеюць альбо не жадаюць бачыць розьніцы паміж візуальнай агітацыйнай прадукцыяй кандыдатаў і цэнтралізаванай – інфармацыйнай.
Нявырашанасьць дадзенай праблемы пакідае адкрытай прастору для цалкам прагназуемых далейшых парушэньняў права кожнага кандыдата на безперашкоднае й адметнае правядзеньне сваёй уласнай візуальнай агітацыі.
Акрамя таго, у горадзе дагэтуль не створаныя спэцыяльныя агітацыйныя дошкі абвестак, прыстасаваныя для агітацыйнай прадукцыі.
Прапануемыя з кампаніі ў кампанію інфармацыйныя тумбы ў Жодзіне кандыдатамі не скарыстоўваюцца, бо яны заўсёды знаходзяцца ў нездавальняльным стане. Іх нельга будзе скарыстоўваць па прызначэньні для агітацыйных мэтаў.
2. Месцаў для сутрэчаў у памяшканьнях у Жодзіне вылучана дастаткова.
Гэта практычна ўсе наяўныя зручныя залы ў кожным з мікрараёнаў гораду.
3. З агітацыйнымі пікетамі альбо мітынгамі нельга будзе знаходзіцца:
1) на пасадачных пасажырскіх плятформах чыгуначнай станцыі і вакзалу, а яшчэ –
2) бліжэй за 50 мэтраў да асноўных адміністрацыйных будынкаў – выканкаму, ГАЎС, суда, пракуратуры, МНС, ды вайсковых частак №№ 28729, 44540.
Уся астатнія прыдатныя для агітацыйных пікетаваньняў і мітынгаў пляцоўкі ў Жодзіне абвешчаныя дазволенымі для вулічнай агітацыі па апавяшчальным прынцыпе.
в
Паводле незалежнага назіраньня,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА
Lićviny-INFA
Фоты Аляксея Лапіцкага