18 сьнежня 2017 году з 17-15 да 17-30 у пак. № 118 будынку Жодзінскага выканкаму прайшло чарговае 4-ае паседжаньне Жодзінскай гарадзкой выбарчай камісіі.
Разглядалася толькі адно пытаньне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Настасьсі Гэрыловіч, якая падала дакумэнты 14.12.2017 напрыканцы працоўнага дня камісіі. У выніку галасаваньня жодзінскі выбаркам аднагалосна зацьвердзіў рэгістрацыю апошняй з 27-мі ініцыятыўных групаў.
У паседжаньні прымала ўдзел 9 сябраў камісіі, 3 назіральнікі ды 1 прадстаўнік Менскай абласной камісіі. Старшынстваваў на ім, як звычайна, Сяргей Афанасенкаў.
Упершыню за ўсе мінулыя, назіраемыя выбарчыя кампаніі, на паседжаньне гарадзкой выбарчай камісіі ў Жодзіне зьявіўся й прысутнічаў на ім увесь час сябра Менскага аблвыбаркаму Крэс Павал Мікалаевіч, старшыня Менскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Аўганістане”.
Свой інтарэс да працы жодзінскай гарадзкой выбарчай структуры прадстаўнік Менску патлумачыў тым, што “па рашэньні Менаблвыбаркаму быў скіраваны ў якасьці прадстаўніка для ажыцьцяўленьня адмысловай апэратыўнай сувязі й хуткага рэагаваньня па любых пытаньнях, якія могуць ўзьнікнуць ва ўдзельнікаў выбарчага працэсу ў Жодзіне”, - адзначыў назіральнік Аляксей Лапіцкі.
Для ўдзелу ў мерапрыемстве наведвальнік паказаў старшыні паседжаньня сваё звычайнае пасьведчаньне сябра Менскай абласной камісіі, а не пратакол альбо выпіску з пратаколу названага ім рашэньня (калі такое сапраўды прынята).
У любым выпадку, даўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Лапіцкі ўзяў у прадстаўніка менскага аблвыбаркаму ягоныя актуальныя кантакты для скарыстаньня, калі гэта спатрэбіцца.
Ён адзначае, што ўжо другое паседжаньне камісіі запар, ахова будынку Жодзінскага гарвыканкаму не прыпыняе яго з даглядамі асабістых рэчаў ці абмежаваньнем свабоды перамяшчэньня па выбарчых пытаньнях, як гэта назіралася з самага пачатку выбарчай кампаніі. А замест прапаршчыка Каваленкі на ўваходзе апошнім часам назіральніка сустракае іншы міліцыянт, які не робіць перашкодаў і не стварае безпадстаўных інцыдэнтаў з даглядам асабистых рэчаў альбо забаронаю перамяшчацца ў будынку мясцовай адміністрацыі горада.
Паводле незалежнага назіраньня,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Lićviny-INFA