Prava-BY.info: Беларускі Праўны Партал
Катэгорыі: Cупольнасьць, Артыкулы |

Уладзімер Хільмановіч

Няма месца/блог Уладзіміра ХільмановічаНяма беларусам месца на гэтым свеце. Нібыта і планета наша вялікая, а сусвет яшчэ большы – некалькі нашых суайчыннікаў нават у космас злёталі за апошнія дзесяцігоддзі. А вось на зямлі – ніяк не знаходзіцца месца. (правапіс першакрыніцы)

Нібыта і дзяржаву сваю маем, ды не абы якую – ажно трынаццатая (!) па плошчы ў Еўропе амаль з паўсотні дзяржаваў кантыненту. Вось парадокс які – дзяржава Рэспубліка Беларусь ёсць, а беларусам на 207-мі тысячах квадратных кіламетраў месца няма. Сённяшняя РБ – адзіная краіна з былых рэспублік СССР, якая паслядоўна працягвае русіфікацыю. Пра гэта гаворыцца ў выніках нядаўняга даследавання The Financial Times, якім няма падставы не верыць. Усе, хто трымаецца карэннай мовы тытульнай нацыі – беларускай, тут непатрэбныя і лішнія.

i

Возьмем, прыкладам, сітуацыю з беларушчынай ў Гародні.

Мясцовая ўлада даўно знішчыла ўсе беларускамоўныя школы і дзіцячыя садкі, “выкарчавала” незалежныя медыі, “зачысціла” вышэйшыя навучальныя ўстановы ад беларускамоўных выкладнікаў, загнала ў рэзервацыі дробныя палітычныя структуры і недзяржаўныя беларускія арганізацыі. Можна было б і супакоіцца. Але ж вялізны рэпрэсіўны і адміністрацыйны апарат фактычных дармаедаў мусіць неяк апраўдваць сваё існаванне і дзяржаўнае фінансаванне надалей.

На мінулым тыдні гарадзенская ўлада фактычна спыніла дзейнасць мастацкай галерэі “Крыга”, якая месцілася ў супольным памяшканні з Цэнтрам гарадскога жыцця. Не даюць працаваць па-сутнасці апошняму беларускамоўнаму культурніцкаму асяродку. Прычым у сама подлы спосаб. Ніхто, канешне, не кажа, і мала хто ведае, у якім кабінеце і якімі “чорнымі палкоўнікамі” прынятае гэтае рашэнне. Улада прысылае нейкіх камунальнікаў, якія шукаюць фармальныя зачэпкі, высмоктваюць з пальца нібыта парушэнні і забіваюць фанерай дзверы ў другі пакой асяродка.

А то разгулялася беларушчына ажно ў двух пакоях на плошчы 40 квадратных метраў, хопіць ёй і 20-ці!

Прыгадалася, як аналагічным чынам забіраліся памяшканні ў газеты “Пагоня”, Таварыства Беларускай Мовы і іншых. Тады мясцовыя ўлады цвердзілі пра аварыйнасць будынку і ўрэшце “ўратавалі” горад ад “небяспекі”. Неўзабаве ў тых памяшканнях мясцовая наменклатура адчыніла свае гандлёвыя крамы, якія працуюць і па сённяшні дзень. І з будынкам тым нічога не здараецца, неяк ён адразу і надоўга перастаў быць аварыйным.

g

Але плакацца не будзем.

Нехта з беларусаў неўзабаве сапраўды паверыць ў богаабранасць нашага народу, бо так як беларусаў, мала каго нішчылі, пераследавалі апошнія трыста гадоў на іх жа зямлі. Некаторыя з маладых напэўна радыкалізуюцца, бо не бывае бясконцым цярпенне народу, нават такога законапаслухмянага як беларускі. Нехта ўрэшце плюне і з’едзе за мяжу, як з’ехалі ўжо дзясяткі тысяч суайчыннікаў. Бальшыня ж беларусаў, сціснуўшы зубы, працягне жыць ці існаваць у гэтай, наскрозь атручанай чужынскай мовай і чужынскімі парадкамі, атмасферы.

h

Няма беларусам месца і за межамі Рэспублікі Беларусь.

Вось ужо ў рамках так званай дэкамунізацыі Польскі інстытут нацыянальнай памяці хоча ліквідаваць на Падляшшы назвы з імёнамі беларусаў Якуба Коласа і Браніслава Тарашкевіча. Амаль таго беднага Тарашкевіча з Дзяржынскім у адзін шэраг паставілі ўжо.

  • Але ж, панове, трэба хоць трохі ведаць гісторыю і быць аб’ектыўнымі. Што ж злачыннага зрабіў Тарашкевіч?

Толькі тое, што ў пэўны гістарычны перыяд прыналежаў да камуністычнай партыі. Нельга ж судзіць чалавека толькі за яго левыя погляды. Тым больш, як слушна заўважыў гісторык Алег Латышонак, Тарашкевіч свае памылкі акупіў уласнай жахлівай смерцю. Нельга ж ставіць на адну дошку катаў НКВД і іх ахвяраў!

Беларусы ж шануюць Браніслава Тарашкевіча за яго беларускую граматыку, за шматгадовую педагагічную і культурніцкую працу на беларускай ніве, урэшце за тое, што перакладаў Міцкевіча на беларускую мову.

Хочацца ўсё ж спадзявацца, што IPN падыдзе да гэтага пытання аб’ектыўна, з улікам меркавання вядомых беларускіх гісторыкаў Польшчы і Беларусі. І што фармалістычным неабачлівым рашэннем не будуць папсаваныя стасункі палякаў і беларусаў, няпростыя ў гісторыі, але дастаткова добрыя апошнія дваццаць гадоў.

j

Уладзімір Хільмановіч

Чытай больш на: https://www.racyja.com/blohi-racyi/uladimir-hilmanovic/nyama-mestsa/

Паводле Радыё Рацыя
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА

На фота: Уладзімер Хільмановіч.

Фота: Аляксей Лапіцкі (Canon PowerShot SX130 is)

Lićviny-INFA

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline