Назіраньнямі дзеліцца Пятро Маркелаў, які адседзеў 12 сутак за стрым затрыманьняў студэнтаў у тралейбусе пасьля мірнай акцыі. (правапіс - першакрыніцы)

Па выніку 12-сутачнага рытрыту наведаў адразу тры ўстановы. Вось некаторыя назіраньні, якія могуць быць цікавымі патэнцыйным арыштантам ці іх родным — у дадатак да расповеду Марыны Насенка.

ІЧУ (Ізалятар часовага ўтрыманьня) на Акрэсьціна. Тут нумары (хаты) больш прасторныя, па іх можна гуляць. Большасьць хатаў разьлічаная на 5—6 чалавек. Ложкі (нары, шканары) добрыя, матрацы новыя, а ўвогуле, пэўна, лепшая з магчымых атмасфэра: драўляная падлога, адносная чысьціня, пад начным ліхтаром (месяцам) можна чытаць. Добрая вентыляцыя. Туалет (дзірка) адзьдзелены перагародкай, за якой можна схавацца. Сюды садзяць наркаманаў і ўвогуле больш злосных патэнцыйных злачынцаў. Таму і рэжым тут больш жорсткі, больш строгае стаўленьне пэрсаналу да арыштантаў. Боты з супінатарамі і куртку з гумкай прыйшлося пакінуць на калідоры. У хаце можна мець запалкі і цыгарэты. За ўсім сочыць камэра назіраньня.

ЦІП (Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў) на Акрэсьціна. Хаты маленькія, брудныя і душныя. Нашая хата апынулася прахадной (бо на першым паверсе), здаралася, што тут адначасова знаходзіліся да 17 чалавек у чаканьні разьмеркаваньня (хоць разьлічаная хата на 6 чалавек). Аднойчы на ноч падсялілі сёмага (ён спаў на лаўцы ля «абшчаку» — агульнага стала ў цэнтры). Вэнтыляцыя працавала дрэнна. Фізычныя ўмовы там былі найгоршыя, але гэта кампэнсавалася пастаяннай ратацыяй арыштантаў: «хішнікі» (тыя, хто трапіўся на крадзяжы), элтэпэшнікі (тыя, хто чакае свайго «этапу» — пераводу на паўгады-год у лячэбна-тэрапэўтычны прафілакторый за патроенае трапленьне ў п’яным выглядзе), бамжы (якіх маглі браць проста так, з-за зьнешняга выгляду, і шыць ім лаянку ці алкагольнае ап’яненьне) і іншыя цікавыя кадры (таксіст, які падвозіў «хішнікаў»; Саня, які адмяўляецца «браць» на сябе крадзёж ровара і таму ўжо пяты раз трапляецца за лаянку; бацька, на якога ўласная жонка выклікала міліцыю, бо знайшла сабе багатага іранца). Мець запалкі і цыгарэты ў хаце забаронена, тым ня меньш яны там без праблемаў з’яўляюцца. За арыштантамі сочыць ажно дзьве камэры — таму паляць у туалеце («Сьвятлане», схадзіць у туалет — «пакарміць Сьвятлану»). Дарэчы, перад тым, як ісьці па-вялікаму трэба уключыць ваду, каб цякла. Калі па-маленькаму — неабавязкова. Вось так. Нас амаль штодзень выводзілі на прагулку (у бэтонную яму 5х5 мэтраў), два разы нават у «лазню» — прымаць душ. Увогуле, да «палітычных» арыштантаў стаўленьне нашмат лепшае, чым да звычайнай публікі.

У Жодзінскай турме ёсьць і мясцовы ЦІП, дзе мы сядзелі. Атмасфэра тут турэмная. Бэтонная падлога, двайныя дзьверы. Месца ў хаце шмат, але халодна. У нас не зачыняліся вокны, а ацяпленьне ўключылі пасьля скаргаў толькі на трэці дзень. Ніякіх новых кліентаў. Поўная ізаляцыя. Нас пасадзілі з байцамі Вячкі Касінера — за сваю акцыю з помнікам ён сядзеў у хаце з самымі пахучымі гасьцямі. Дазволена мець цыгарэты, але агонь даюць кожныя дзьве гадзіны праз «кармушку» — акенца ў дзьвярах, праз якое перадаюць ежу. «Сьвятлана» адзьдзеленая ад жылой плошчы невялічкай перагародкай паўмэтровай вышыні. Цёплай вады няма.

Сьняданкі паўсюль аднолькавыя: каша і гарбата (гарачая вада цёмнага колеру, ці зусім бяз цукру, ці з трыма лыжкамі). У кашу можна дадаваць разынкі і арэхі з перадачак. Абед — суп (на ЦІП — нязьлітыя макароны, у Жодзіне — з гушчай і камбітлушчам), паўсюль без мяса. На другое — умоўна рыбныямясныя (вызначаецца па паху) катлеты і пюрэкашакапуста. Гэта на Акрэсьціна. У Жодзіне любяць фармат «па-флоцку»: макароныкаша плюс тушонка, курыца. У ЦІПІВС вячэра — гэта абед без супу. У Жодзіне тры вечары запар давалі бачкавую капусту і вараную неачышчаную рыбу (паламаную, з галовамі, касьцямі і вантробамі). Але порцыі ў Жодзіне нашмат большыя — яны гоняцца за колькасьцю, а не за якасьцю. Тым, хто ўжывае мяса, варта перадаваць сала, кілбасы. Мне і іншым пасажырам тралейбуса перадавалі шмат салодкага — але не хапала нечага салёнага, кшталту крэкераў. Хлеб перадаваць на менскі ЦІП ня трэба. Яго там ну вельмі шмат выдаюць.

Паўсюль кожную раніцу «выдзёргваюць» — выводзяць з камэры, «шманаюць» камэру і кішэні. Скарбы можна схаваць, напрыклад, у распоратую падушку. На такіх праверках можна папрасіць, каб выдалі таблеткі, аддаць скаргі, лісты і выкласьці «начальніку» ўсё, што накіпела. Ва ўсіх трох установах эпізадычна нам забаранялі ляжаць на ложках удзень. Маўляў, сядзіце на «абшчаку». На гэтыя забароны мы не рэагавалі — і норм. Частку арыштантаў выводзілі здаваць ДНК. Я адмовіўся — і норм.

Час добра бавіцца за кнігамі, сканвордамі, судоку. Таксама варта перадаць асадкіалоўкі, паперу (каб не абмяжоўваць сябе ў колькасьці скаргаў), капэрты для ліставаньня па Беларусі. Напэўна, самае вялікае выпрабаваньне — гэта інфармацыйная блякада. Абавязкова перадавайце газэты! Лісты з волі своечасова не выдаюць — толькі калі нас пераводзілі з Менску ў Жодзіна я атрымаў частку дасланых паштовак. Добрая рэч —чыстыя шкарпэткі, цішоткі. Зручна мець свае тапкі. Я быў удзячны за зубную шчотку і пасту, гігіенічны батэр. У Жодзіне халодна — спатрэбіліся дадатковыя цёплыя рэчы.

Да любых фізычных умоваў можна хутка прызвычаіцца. Для мяне галоўным выпрабаваньне была інфармацыйная ізаляцыя, адсутнасьць кантактаў са звыклым колам знаёмых і вымушаная камунікацыя з суседзямі па нумары. Пашчасьціла, што ўвесь час сядзелі з Алегам Ворсам і Яўгенам Яўгенавым. Усё чакалі, чакалі Статкевіча на браневіку. А ён не прыехаў.

Паводле Пятро Маркелаў, facebook.com
НАША НІВА НАША НІВА

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline