Далучайцеся да флэшмобу і публікуйце ў сацсетках свае любімыя вершы Дзядзькі Рыгора з хэштэгам #цытуем_барадуліна.

***

Спартанцы збiралiся на вайну —
Вастрылi мечы,
Прымервалi латы.
З уciмi стаў у шарэнгу адну
Спартанец нягеглы,
Падслепаваты.

— Куды ты, нашто ты
Такi на вайне? —
Спытаўся нехта.
Нябога прызнаўся:
— Як iншай карысцi няма —
Аб мяне
Варожы затупiцца меч
Прынамсі…

I ў днi,
Калi душы падпальвае змрок,
Калi цяжарнее
Жахам калоссе,
Прымаюць смерць
I паэт, i прарок,
Каб меней
У ворага куль засталося!

Дым

Хоць дым умее гаварыць,
Не скажа, што яму гарыць.
Агонь гарыць вачмі рудымі.
Дым спавівае небакрай,
Дарогу ў пекла,
Сцежку ў рай.
Цяплей дрыжыцца
Зорцы ў дыме.
Жыццё гарыць, а дым жыве
І ў ногі сцелецца траве.
І пагарэльца мроі прыме,
Хто мог пераканацца ў тым,
Што ўсё на гэтым свеце —
Дым.
І не відаць нічога ў дыме.

Моўчкі

Берагамі тугі
Валакуцца вятры талакой,
Цягнуць невад смугі,
I трапечацца ў ім заранка.
На хутар,
Дзе пасвіцца
Знелюдзелы спакой,
Стала моўчкі прасіцца
Душа хутаранка.
Там бакі папралежвалі
Маўчуны валуны.
Без сваяцкай душы
Ім самотна таксама.
Там вартуе дагэтуль
Бясхмарныя сны
I чакае бяссонная зорка —
Мама…

Божа, паспагадай усім

Божа, паспагадай усім, —
I магутнаму, і слабому,
I відушчаму, і сляпому,
Каб у згодзе жылося ім.

Божа, паспагадай усім, —
Каб вайной не йшоў
Брат на брата,
Каб ржавела сякера ў ката,
Каб вячэраю пахнуў дым.

Божа, паспагадай усім, —
Каб цяплелі пагляды людзкія,
Каб у старца не кралі кія,
Нічыіх не кралі радзім.

Да любові, да чысціні,
Да святла, да святога ўлоння,
Усявышні, і заўтра і сёння
Заблуканыя душы вярні!

25 Сакавіка…

Дваццаць пятага сакавіка —
Годны дзень
Беларускай дзяржавы.
Веснаплынных вятроў талака
Пыл з кароны атрэсла іржавы.

Шматавалі нас досыць арлы
І з адной, і з дзвюма галавамі.
Мы не зь нейкай бязроднай імглы,
Нас вякі як сваіх
Гадавалі.

Мы — ратаі святла,
Крывічы,
Верхачы неўміруючай Пагоні.
Маладзік сакалом на плячы,
Гартны меч у цьвярдое далоні.

Лучыць нашыя мары рака
Бел-чырвона-белага сьцяга.
Дваццаць пятага сакавіка —
Наша сьвята,
Пароль
І прысяга!

Белая яблыня грому

Белая яблыня грому
Чорных cадоў ліхалецця.
Яблык яе нікому
Не пажадаю на свеце.

Голая яблыня грому
Жахам жагнала прысмерк.
Пэўна, што д’яблу самому
Помніцца горкі прысмак.

Светлая яблыня грому
З салаўінае усяночнай.
Ласкавага яблыка стому
Я надкусіў аднойчы.

Ціхая яблыня грому,
Першага мілага гневу.
Позірку маладому
Праглася бачыць Еву.

Добрая яблыня грому,
Радасцю поўні наўколле!
Хай жа ня будзе злому
Голлю твайму ніколі.

Белая яблыня грому,
Клопатам, гаманою
І на апошнюю строму
Светла ўзыдзі са мною.

Яблыні, што растуць побач з домам народнага паэта ва Ушачах, сам Барадулін называў «мамінымі».

___________________________________________________________________________________________


http://nn.by/?c=ar&i=179110

У верасні «Мова Нанова» зладзіла ва Ушачах талаку.

_______________________________________________________________________________________________________________

Высока…

І сад пасівеў, ссівярэў і аглох.
У маміным садзе
Мне ўсё пахне Мамай.
І яблык апошні
Высока трымае Бог
Для eйнай душы, як для птушкі
Самотнай самай…

Адзін

Няма да каго прыхінуцца душою,
Нікога наўкол няма,
Душа свая часам здаецца чўжою,
Не чуе сябе сама.

Спадаюць дні,
Быццам з дрэва сучча.
Сплываюць ільдзіны дзён і гадзін.
Адзін прыходзіш на свет калючы
I адыходзіш — адзін.

У доме Барадуліна ва Ушачах.

______________________________________________________________________________________________________________

Урок беларускае мовы

Вымаўленне,
Як да нябёсаў маленне
Дубровы,
Адкрытае.

З адкрытай душой
Наш люд несуровы,
Мы злосць не трымаем
У прытаі.

У пашане кожная
Літара выбуховая,
Яна адразу
Ад абразы
Сябе ахоўвае.

Радасці цесна ў шыбах —
Выбух!
Вірам глуха ў глыбах —
Выбух!
Паўнагалоссе,
Як тое паўнакалоссе
На ніве веры.

Гаспадары, прымайце дары,
Застоліцы ў гонар мілосці
Агалашайце,
Усіх запрашайце ў госці.
У нас шырокія дзверы!

Мы гакаем,
Як і прашчуры нашыя хакалі,
Калі ляды здрады
Бязлітасна карчавалі
I, небам зорным акрыўшыся,
Начавалі.

Каб чужымі ўрокамі
Душу нашую не ўракалі,
Беларускія словы высокія
Звіняць
Недасяжнымі жаўрукамі.

***

Каханне і веру не трэба
Усім выстаўляць напаказ:
Душа толькі чуе і неба.

Паводле nn.by
Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Фота dziejaslou.by.

Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА
Lićviny-INFA

Гэты артыкул размешчаны 19.10.16 17:57 у катэгорыі: - Ініцыятыва 'ЗА Эўрапейскі ГОРАД!', Cупольнасьць, Адукацыя, Творчасьць.
Вы можаце сачыць за водгукамі праз RSS 2.0 разсылку. Вы можаце пакінуць водгук, альбо скарыстацца трэкбэкам з вашага уласнага сайта.
  1. 19.10.16 18:17: AL Łapicki [ ]

    Творчасьць вялікіх БЕЛАРУСАЎ, якія заўсёды з НАМІ)
    ЛЮБІ, ВЕДАЙ, ПАМЯТАЙ … дый БАРАНІ СВАЁ!

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline