Такая назва артыкула й закранаемая ў ім тэма, на вялікі жаль, дагэтуль застаюцца актуальнымі для горада Жодзіна.

Бо ўзьнімаемая ў публікацыі праблема, - упартага наўмыснага невыкананьня мясцовымі адміністрацыямі элемэнтарных патрабаваньняў заканадаўства адносна назваў гэаграфічных аб’ектаў, вуліцаў і населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь, пры ігнараваньні адпаведных, у тым ліку калектыўных (гд. дадаткі), зваротаў грамадзянаў, - з 2008 году так і не зварухнулася зь месца й дагэтуль застаецца нявырашанай.

Беларускі Праўны Партал 3-ы гады назад (у 2013 годзе) рабіў публікацыю, якая застаецца актуальнай і сёньня, калі ўлады краіны канстатуюць асэнсаваньне беларускамоўнай праблематыкі, а прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка падчас апошняга выступу перад абодвума складамі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь 5-га і 6-га скліканьня абвясьціў беларускую мову “найважнейшай каштоўнасьцю беларускага народу разам зь дзяржаўным сувэрэнітэтам і незалежнасьцю краіны”.

У сувязі з пачаткам адстойваньня сябрамі ТБМ у Салігорску права на ўласныя назвы беларускіх вуліцаў і выкананьне Закону Рэспублікі Беларусь “Аб геаграфічных назвах аб’ектаў” Беларускі Праўны Партал пацікавіўся стаўленьнем да гэтай праблемы арганізатара і аднаго з заснавальнікаў у 1999 годзе Жодзінскай, спачатку суполкі, а потым і гарадзкой арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны, Аляксея Лапіцкага.

Праваабаронца ПЦ “Вясна” і актывіст Цэнтру Ліцьвіны ТБМ імя Ф.Скарыны ў Жодзіне ў сувязі з дадзеным прыкладам барацьбы жыхароў Салігорску за свае правы й выкананьне чыноўнікамі нормаў дзейснага беларускага заканадаўства адзначае.

- У Жодзіне, як і ў Салігорску (ды й паўсюль па Беларусі), таксама шмат падобных парушэньняў заканадаўства. Яны тут наўкола паўсюль. Мы існуем у нейкай неправавой абстракцыі, дзе рэальнасьць не мае нічога агульнага з гарантаванымі грамадзянам Канстытуцыяй правамі й свабодамі ў нашай дзяржаве. Пасьля пасьлядоўнага вынішчэньня (іншых словаў тут нельга падабраць) беларускамоўных клясаў у школах горада БелАЗаў - у Жодзіне практычна зьнішчаныя і беларускамоўныя надпісы вуліцаў. На нашыя звароты і прапановы рабіць надпісы па-беларуску ці ўжо на двух мовах чыноўнікі “мясцовае вэртыкалі” адказалі, што на гэта ў іх няма бюджэтных сродкаў (!?). Як кажуць, тут камэнтары залішнія. Апошняя кляса з жывой беларускай моваю прымусова закрывалася па загадзе Таісы Данілевіч (дыпутатка ПП НС РБ 5-га скліканьня, дарэчы не ад Менску, а ад Салігоршчыны) “у мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў і далейшай сацыялізацыі ў вучнёўскае асяродзьдзе” апошняга беларускамоўнага вучня Гімназыі №1 Янкі Лапіцкага (былой ЖБГ да 2004 году - Жодзінскай Беларускай Гімназыі).

Варта пры гэтым нагадаць, што распаўсюджаныя зараз у Жодзіне расейскамоўныя назвы вуліцаў цалкам парушаюць узгаданы вышэй Закон “Аб геаграфічных назвах аб’ектаў” і прапісанае ягоным арт. 17 правіла прысваеньня (у прыватнасьці вуліцам) беларускіх назваў і перадачы іх на расейскую мову праз адпаведную транслітэрацыю.

Пра гэта мы на мясцовым роўні ў кантактах з адміністрацыямі спэцыяльна не ўзьнімалі пытаньне. Аднак, гэтая праблема актуальная і відавочная.

У нас нават ёсьць прыклад ня проста ігнараваньня дадзенага закону, а выкананьня яго зусім наадварот.

Побач з Жодзіна ёсьць пасёлак “Акцябрскі”, назва якога быццам бы й напісаная беларускімі літарамі, але зьяўляецца траслітэрацыяй з расейскамоўнай назвы “Октябрьский”.

Гэта як хадзіць задам наперад, ці стаяць не на нагах, а на галаве. Хадзіць та можна па-рознаму, толькі куды такім чынам у выніку прыйдзеш!?

Ды й на галаве доўга не прастаіш. Але ў спадзяваньні, што беларус вытрымае ўсё - падобны зьдзек над намі ды нашымі дзецьмі (а ў выніку над нашай нацыянальнай спадчынай і агульнай грамадзянскай будучыняй) цынічна й пасьлядоўна працягваецца. Нас прымушаюць быць “памяркоўнымі ды рахманымі”, жыць не разважаючы, глядзець і ня бачыць, слухаць і ня чуць і, самае галоўнае, пры гэтым - любіць увесь гэты “дапатопны заезджы цырк”.

Сапраўды, ужо не вядома чаго тут болей - непісьменнасьці альбо абыякавасьці (ці нават нейкай варожасьці) да ўсяго аўтэнтычнага, беларускага, роднага.

А можа гэта выпадковая памылка ці правінцыйнае жаданьне чыноўніка заўсёды дагаджаць і працаваць у межах навязваемай штучнай, але “заўсёды правільнай” ідэалягічнай дактрыны?

Своеасаблівая такая “намэнклятурна-камандная” ахвяра “братэрству” і “міру” … дзеля чарговай дэманстрацыі “добрых” адносінаў халопаў зь вялікадзяржаўнымі гаспадарамі.

“Што б там ні было, але ўжо дакладна можна сказаць, што жаданьня “насаліць” беларусу тут больш, чым абавязку “ведаць і выконваць” Канстытуцыю, іншае беларускае заканадаўства, дадзены канкрэтны закон…”, - падвёў рысу жодзінскі праваабаронца.

Да ведама.

У адпаведнасьці з артыкулам 17 Закону “Аб геаграфічных назвах аб’ектаў”, найменьні геаграфічным аб’ектам у Рэспубліцы Беларусь прысвойваюцца на беларускай мове. Перадача іх на рускую мову магчымая толькі шляхам транслітэрацыі.

P/S

Як паведамляе сёньня Аляксей Лапіцкі, абнадзейвае тое, што дадзеная праблема ўзьнімалася ім у асабістай размове зь Дзьмітрыем Заблоцкім падчас адной з агітацыйных сустрэчаў дадзенага кандыдата ў дэпутаты ПП НС Беларусі 6-га скліканьня па Жодзінскай акрузе №64.

Дзьмітры Заблоцкі, Жодзінскай АВК №64, 11.07.2016

_______________________________________________________________________

Цяперашні ўжо дэпутат беларускага парлямэнту пры размове прызнаў пытаньне вартым увагі ды адзначыў, што зразумеў праблему. Ён сказаў, што бачыць ейнае вырашэньне зусім не ў нейкіх дадатковых бюджэтных выдатках, а ў наяўнасьці жаданьня й нармальнай арганізацыі працы.

У сувязі з гэтым, у нас ёсьць такое спадзяваньне, што навядзеньне парадку ў візуальным афармленьні гарадзкіх вуліцаў, безумоўна, павінна ў хуткім часе пачаць вырашацца дый паступова, нарэшце, можа быць вырашанае.

5

ДАДАТКІ:

Прыклады дакумэнтаў, якія адлюстроўваюць некаторыя сувязі з адміністрацыямі па моўным пытаньні й назвах вуліцаў на шыльдах дамоў у Жодзіне з 2008 году …

1) Зварот у АЖКГ жыхароў дома №3 па пр.Ф.Скарыны ў Жодзіне, 2009г. (бел., PDF-файл)

2) Адзін з характэрных афіцыйных адказаў з ЖКГ (бел., JPG-файл)

3) Зварот у Жодзінскі выканкам А.Лапіцкага, 2010г. (бел., PDF-файл)

4) Адказ Жодзінскага гарвыканкаму за подпісам Васіля Грышчанкі (рас. JPG-файл

Паводле Алесь Вольны,
Беларускі Праўны Партал

Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА
Lićviny-INFA

Фота: Аляксей Лапіцкі

Катэгорыі: - Ініцыятыва 'ЗА Эўрапейскі ГОРАД!', - Ініцыятывы, Cупольнасьць, Артыкулы, Праваабарона: закон і права |

Гэты артыкул размешчаны 18.10.16 01:46 у катэгорыі: - Ініцыятыва 'ЗА Эўрапейскі ГОРАД!', - Ініцыятывы, Cупольнасьць, Артыкулы, Праваабарона: закон і права.
Вы можаце сачыць за водгукамі праз RSS 2.0 разсылку. Вы можаце пакінуць водгук, альбо скарыстацца трэкбэкам з вашага уласнага сайта.
  1. 01.02.18 01:56: Дыялёг для паляпшэньня сытуацыі й нацыянальнага заканадаўства. Ці ёсьць пэрспэктыва, альбо ўсё зноў апынецца марным? (дакумэнт і фоты, каро [ ]

    [...] таксама адбылася і па даўно пастаўленых перад уладаю, але не вырашаемых дагэтуль пытаньнях беларускай мовы [...]

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline