Prava-BY.info: Беларускі Праўны Партал

Натальля Нікандрава ўзначальвае Нацыянальную агенцыю інвэстыцыяў і прыватызацыі, створаную 5 гадоў таму. (далей - правапіс першакрыніцы)

Мэта агенцтва — усяляк спрыяць прамым замежным інвестыцыям у Беларусь: ствараць бізнэс-вобраз краіны за мяжой, весці перамовы з інвестарамі і ўладамі, аказваць падтрымку ахвотным укласці грошы і, уласна, шукаць такіх.

Што цікава — Нікандрава прыйшла на дзяржслужбу з прыватнага прадпрыемства. Шэсць гадоў да таго яна займала пасаду фінансавага дырэктара ў кампаніі «Эрнст энд Янг», а перайсці на працу ў апарат яе паклікаў Снапкоў — яшчэ калі ён быў міністрам эканомікі.

Наталля кажа, што тады толькі задумалася, а наважылася мяняць работу трохі пазней — калі сама ўжо мела ўсё, але адчувала недахоп радаснай і багатай краіны навокал.

У заробку, кажа яна, з пераходам страціла больш як у 10 разоў!

«Гэта цікавы досвед, — гаворыць сёння Нікандрава пра сваю работу. — Канечне, калі б у нас было больш магчымасцяў і паўнамоцтваў, можна было зрабіць больш — мы ж не прымаем непасрэдна рашэнняў, маем кансультатыўную функцыю, і любая нашая ініцыятыва можа забуксаваць у вышэйшых кабінетах. Цяжка, канечне, але цікава ў тым плане, што нават зрабіўшы маленькі крок, ты разумеш, колькі намаганняў гэта табе каштавала і якая гэтаму цана».

За час працы агентцва яно наладзіла сувязі толькі па прыватызацыйных праектах з 800 патэнцыйнымі інвестарамі, частка з якіх яшчэ прымяраецца, а частка ўжо ўкладае грошы ў беларускую эканоміку.

Задача агенцтва тут — дапамагчы чужому капіталу знайсці правільнае прымяненне ў Беларусі, каб гэта было выгадна ўсім.

Але інвестыцыі ў Беларусі — гэта няпросты працэс.

Усё пачынаецца з арганізацыі выдачы віз, сустрэч, даследаванняў рынку, кансультацый. Часам, працэс можа займаць пару гадоў.

Без агенцтва да гэтага тэрміну можна было б смела дадаваць яшчэ годзік.

Аднак і пасля некаторым патрабуецца постінвестыцыйная падтрымка ў дыялогу, напрыклад, з уладамі.

У гутарцы з «Нашай Нівай» Наталля Нікандрава звярнула ўвагу на тыповыя праблемы, з якімі сутыкаецца замежны інвестар, прыходзячы ў Беларусь.

«Прычыны запавольвання патоку інвестыцый вядомыя, пра іх інвестары кажуць нам на кожным рагу, — кажа Нікандрава. — Перадусім іх палохае высокая доля дзяржаўнай уласнасці і цяжкасці, звязаныя з канкураваннем з дзяржавай. Тут праблемы вельмі сур’ёзныя — профільныя міністэрствы выконваюць функцыі і рэгулятара, і ўласніка. Гэта сумешчана ў адным ведамстве, і іх трэба ўсё ж падзяліць, бо міністэрствы спрабуюць абараніць рынак ад прыхода канкурэнтаў, каб дзяржаўным прадпрыемствам было лягчэй працаваць, а іх работа мусіць складацца ў развіцці галіны, за якую яны адказваюць».

А вось для таго, каб скараціць долю дзяржавы ў эканоміцы, неабходна праводзіць прыватызацыю, але з агаворкамі.

«Мы не кажам, што трэба хутка ўсё раздаць. Скажам, у Венгрыі ў свой час прадалі да 90% дзяржаўнай маёмасці, нават стратэгічныя актывы, і цяпер тамтэйшы ўрад думае, як гэта ўсё вярнуць назад. Я думаю, што мы мусім пазбягаць чужых памылак, прыняўшы да ўвагі негатыўны досвед. Я асабіста лічу, што трэба падзяліць нашыя прадпрыемствы на тры кшталты: першыя — стратэгічныя, куды аднясём пошту, чыгунку і г.д. — не прадаюцца ўвогуле, другія — у тым ліку і прамысловыя гіганты — прадаюцца з пэўнымі ўмовамі, трэція — стратныя — прадаюцца не азіраючыся альбо ўвогуле ліквідуюцца. Нават Кітай — другая эканоміка свету — сёння ўзяў курс на структурныя рэформы і ліквідацыю стратных «зомбі»-прадпрыемстваў савецкага кшталту. А колькі такіх засталося ў Беларусі? Калі мы гаворым пра зусім стратныя і бесперспектыўныя фабрыкі, то яны не цікавяць інвестараў — такія трэба дарыць у «добрыя рукі», а калі іх не знойдзецца — то ліквідацыя і банкруцтва. Цяпер у свеце такія тэндэнцыі, што жыццяздольннымi будуць толькі тыя, хто не проста паспявае за часам, а яго абганяе. А для большасці дзяржаўных прадпрыемстваў гэта непад’ёмная задача. Трэба наперад прызнаць, што такія прадпрыемствы ніколі не будуць канкурэнтаздольнымі, бо прадпрымальніцтва — гэта прыняцце нестандартных рашэнняў, а як рызыкаваць народнымі грашыма? За гэта можна і адказаць, калі штосьці праваліцца. А прыватнікі рызыкуюць і ідуць наперад — у гэтым вялікая розніца, якая вызначае здольнасць прадпрыемстваў з дзяржаўным капіталам быць канкурэнтаздольнымі».

Таксама чыноўніца мяркуе, што засцярогі росту беспрацоўя пры ліквідацыі стратных прадпрыемстваў абргунтаваныя, але эканоміка не можа расці без беспрацоўя: маўляў, людзі не развіваюцца, калі ведаюць, што заўсёды могуць знайсці сабе работу і з сённяшнім узроўнем ведаў.

«Дзяржава больш як 80 гадоў выхоўвала людзей у духу «за вас паклапоцяцца» і гарантавала рабочае месца, жыллё. Цяпер іншыя часы — трэба думаць пра сябе самому.

Калі чалавек нічога з сябе нічога не ўяўляе, калі ён не канкурэнтназдольны, яму трэба шукаць іншыя нішы, перавучвацца, пачынаць бізнес. Не абавязкова бізнес з вялікім капіталам — можна пачынаць з простага: гародніну вырошчваць, напрыклад, трусаў ці птушку, займацца рамесніцтвам, шмат магчымасцяў таксама ў сферы экалогіі. Трэба задумацца — мо вашае прызванне ўсё ж не стаяць ля станка за капейкі?

Канечне, чалавеку, які ўсё жыццё працаваў на іншых, цяжка адважыцца на сваю справу, але заручыцеся падтрымкай сяброў і сям’і і спрабуйце. У рынкавай эканоміцы выжывае той, хто ўкладае намаганні ў сваё развіццё, а не стаіць на месцы — гэта нармальная з’ява, так жыве развіты свет».

Агенцтва выдала англамоўную кніжку, у якой кіраўнікі міжнародных кампаній,

што пабудавалі бізнес у Беларусі, прэзентуюць нашую краіну праз ежу.

___________________________________________________________________________________________________________________________


Тут жа ж Нікандрава расказвае, да чаго часам прыводзіць неадпаведнасць тутэйшых кадраў патрэбам замежных інвестараў.

«Была сітуацыя ў Оршы — буйная міжнародная кампанія планавала адкрыць філію, куды набраць тысячу чалавек. Вядома, арганізавалі кірмаш вакансіяў у горадзе, прыехалі сур’ёзныя менеджары па падборы кадраў. Вынік — яны зразумелі, што тут ім не адкрыцца, бо не стае кваліфікаванага персаналу. Канечне, гэта не канец гісторыі — сёння яны спрабуюць зрабіць гэта ў іншым горадзе, але інвестараў трэба браць «цёплымі», іначай яны могуць проста перадумаць, бо час — грошы, да таго ж, яны хочуць канкураваць на рынку — ім патрэбны лепшыя».

Таксама чыноўніца расказала, што пакуль яны працуюць над кампрамісным варыянтам плана прыватызацыі ў Беларусі.

«Дзяржаве будзе спакайней, калі будзе разуменне таго, што, дапусцім, прыходзіць інвестар, мы даем яму магчымасць увайсці ў долю — прадаём, скажам, 50% акцый і даём магчымасць купіць астатнія праз два гады, апцыён прапаноўваем, замарожваем кошт акцый, каб і ён і мы паглядзелі, што ў яго выйдзе. То бок, ягоныя абавязкі — унесці інвестыцыі, нашыя — прадаць яму астатнюю частку акцый».

Але Нікандрава прызнае, што хаця гэта і пэўны прагрэс — нават у ацэнках Сусветнага банка — але прысутнасць дзяржавы ўсё ж спыняе інвестара, бо ён сам хоча вырашаць, каго звальняць, што вырабляць і на якія рынкі пастаўляць.

Тут гаворка ідзе ўжо пра патрэбу шырокіх рынкавых рэформаў, бо кропкавыя дэкрэты не працуюць.

«Дзяржава спрабавала вырашаць праблемы маленькіх гарадоў, дзе вельмі ўпалі эканамічныя паказчыкі, выдаўшы дэкрэт 6, які дае льготы тым, хто стварае вытворчасць у малых гарадах і сельскай мясцовасці. Але трэба казаць шчыра — гэтыя дэкрэты не працуюць, бо інвестыцыйны клімат — паняцце шырокае, і гэтыя льготы — толькі малая частка. Калі ў краіне будуць ажыццёўлены рынкавыя рэформы, толькі тады пачнуцца актыўныя фінансавыя працэсы. Гэта мусіць быць комплекс рэформаў — пра гэта ўжо гаворана-перагаворана. Неабходна зніжаць долю дзяржаўнай уласнасці, разнявольваць усё, што звязана з эканомікай, фінансавым рынкам, рэгуляваннем рынка працы і гэтак далей — на кожным з кірункаў трэба прымаць захады. Што гаварыць, калі кантралюючыя органы бяруць мільён штрафу сёння і не разумеюць, што праз гэта дзяржаўны бюджэт недаатрымае сто мільёнаў заўтра? Некаторыя працэсы ў эканоміцы ўвогуле можна назваць дэстымулючымі — рэгламентацыя дзяржавай усіх аспектаў бізнесу выпрацавала інстынктыўны рэфлекс адрынання. І я не скажу, што ў нас у міністэрствах гэтага не разумеюць. Я часта сустракаюся з рознымі чыноўнікамі і скажу, што там рэальна шмат спецыялістаў у тэме, якія пісьменныя, разбіраюцца, спрабуюць прасоўваць правільныя ідэі, але наколькі яны потым кладуцца на паперы ў выглядзе законаў?

У нас вельмі цяжкая сістэма прыняцца рашэнняў. Мала проста напісаць разумныя прапановы. Каб Мінэканомікі распрацавала закон, трэба яшчэ 30 ведамстваў апытаць, згодныя яны ці не. І абавязкова знойдзецца такое, якому будзе нявыгадны прагрэсіўны закон», — кажа Нікандрава.

Фота з уласнага архіва Наталлі Нікандравай.
______________________________________________________________

Пры гэтым яна лічыць значнай і долю некампетэнтых чыноўнікаў.

«Гэта праблема ўсяго бюджэтнага сектара — туды бяруць тых, хто ідзе, а не каго трэба. Я мяркую, у міністэрствах мусяць працаваць найлепшыя — хай іх будзе 80 чалавек, а не 300, але гэта будуць вяршкі, геніі, якія здольныя генераваць ідэі. Бо сёння ўзровень заробкаў на дзяржаўнай службе не дазваляе прыцягваць спецыялістаў высокай кваліфікацыі — такія калі і ідуць, то па іншай матываці, а іншыя выконваюць тэхнічную работу», — кажа чыноўніца, дадаючы, што і на вышэйшыя пасады трэба пускаць маладых — да 40 гадоў, бо за імі будучыня.

Таксама Нікандрава прыгадала не зусім паспяховыя дзяржаўныя ўкладанні ў цэментныя заводы і дрэваапрацоўку.

«Перад тым як укладацца, трэба ўсё пралічваць. А так — грошы не з тваей кішэні, ты атрымаў указ і ўкладаеш, не разабраўшыся, а што ты збіраешся рабіць? А куды прадаваць? А яно там трэба? Якая будзе доля? Дый каб пасля прасоўваць тавары, трэба мець разуменне, як гэта рабіць, якімі механізмамі карыстацца.

Большасць прыдпрыемстваў увогуле не мае разумення маркетынгавых стратэгій, а сэрвіс — на адсутнасць чаго ў нас традыцыйна пакутуюць — гэта ў свеце ўвогуле да 50% дададзенай вартасці!

Што да замежных інвестыцый, то часам увогуле ў прадпрыемстваў няма ўяўлення, чаго яны хочуць ад інвестара. Кажуць — дайце грошай, мы разбярэмся. А ніхто не дасць! Калі інвестар прыйдзе — ён і будзе вырашаць. А калі вы хочаце грошай — дык ідзіце ў банк па крэдыт, калі вам дадуць.

Кожны кіраўнік баіцца, што стане непатрэбным, бо інвестары самі будуць ведаць, як што рабіць. Але і без таго, бывае, чую скаргі ад якога рацыяналізатара — вось прыйшоў ён на завод з ідэяй ці нават з грашыма, і кажа — давайце тое-тое зробім, ці прадайце мне гэтае. А яму нават прадаць не могуць — то цэны не зацверджаныя, то яшчэ што.

Да абуральных выпадкаў месцамі даходзіць!

Ці прыходзіць да мяне дырэктарка дзяржаўнага прадпрыемства і кажа — мы паміраем, дапамажыце знайсці грошы. Яны там ужо гатовыя ўсім адміністратарскім складам у цэхі перасесці і прадаць частку нерухомасці, але аказваецца, што яна там як мае быць не аформленая для продажу, а каб аформіць — трэба ці не паўмільярда старых рублёў і год часу. Атрымліваецца, дзяржава нават сваім прадпраемствам не можа дапамагчы ў некаторых выпадках».

Тут Нікандрава ўпамінае словы Грэфа, якія той сказаў пасля наведвання Сіліконавай даліны — маўляў, пакуль мы за сняданкам абмяркоўваем, што б інавацыйнага стварыць, кітайцы гэта ўжо прадаюць.

Але, паводле чыноўніцы, інтэлект і інавацыі — гэта акурат наш патэнцыял, таму, пры правільным падыходзе, «кітайцаў» у гэтай цытаце можна смела замяняць на «беларусаў».

«У нас ёсць удалыя прыватныя прадпрыемствы, якія выраслі тут, створаныя нашымі мазгамі і рукамі, і стаўшыя абсалютнымі лідарамі рынку ў сваім сегменце. Гэта «Адані», «Палімайстар», «Гласбел», «Рэгула», ІТ-кампаніі. Нават «Санта-Брэмар» ужо прабілася на еўрапейскі рынак.

«Інтэлектуальны капітал — гэта тое, чым прывабная Беларусь для інвестараў нават пры наяўнасці некаторых хібаў у законах. Гэта тое, чым мы павінны зарабляць. Другое — нашае геаграфічнае размяшчэнне — Беларусь на мяжы двух вялікіх інтэграцыйных аб’яднанняў, з Беларусі можна ахапіць як рынак ЕС, так і ЕАЭС», — мяркуе Нікандрава.

У прыватнасці, яна таксама прапануе стварыць у Беларусі міжнародны фінансавы цэнтр — аналагічны таму, з якога некалі пачаўся эканамічны феномен Сінгапура.

«Міжнародны фінансавы цэнтр — гэта засяроджанне фінансавых інстытутаў, банкаў, фондаў, кампаній, якія аказваюць юрыдычныя, кансалтынгавыя, медыя- і камунікацыйныя паслугі. Такі цэнтр дазволіць выкарыстоўваць наш інтэлектуальны капітал. У Еўропе такім цэнтрам па завядзёнцы быў Лондан, якія генеруе для эканомікі Брытаніі 60 мільярдаў даляраў штогод. Але пасля Brexit’a ягоны перспектывы не ясныя, чаму б нам не стварыць такое ў нас?», — задаецца пытаннем Нікандрава, падкрэсліваючы, што Казахстан, напрыклад, ужо пачаў рэалізоўваць такі праект.

«Тым больш, у нашай краіне захоўваецца пэўная сацыяльная стабільнасць», — падагульніла яна.

***

ДАВЕДКА

Наталля Нікандрава нарадзілася ў вёсцы Мачэск Бярэзінскага раёна ў сям’і медыка і афіцэра МУС. Мае дыплом у галіне прыкладной матэматыкі і міжнароднай эканомікі, вучылася ў Лонданскай школе бізнесу. Да прызначэння ў Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызаці працавала ў прыватных фірмах і міжнародных карпарацыях. З 2011 году з’яўляецца сталым членам Кансультацыйнай рады па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Беларусі.

Арцём Гарбацэвіч, фота Сяргея Гудзіліна

Паволое  NN.by
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Lićviny-INFA

Катэгорыі: - Ініцыятыва 'ЗА Эўрапейскі ГОРАД!', - Ініцыятывы, Cупольнасьць, Арганізацыі, Артыкулы, Эканоміка |

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline