“Бог ніколі не зачыняе адні дзьверы, каб не адчыніць іншыя” …
07.02.2009 года ў Жодзінскай вайсковай частцы №18662 (Транспартныя войскі Рэспублікі Беларусь) а 09-50 распачалася й прайшла прысяга зімовага набору навабранцаў. Адметнасьцю было тое, што прысягу тут на вернасьць Беларускаму народу ды Беларусі прыймаў вядомы моладзевы актывіст зь нерэгістраванай арганізацыі Малады Фронт Зьміцер Хведарук.
Хлопец як і ўсе навабранцы выглядаў годна й паважна. Аднак, што ж выклікала да гэтае падзеі падобную асаблівую ўвагу грамадзкасьці, праваабаронцаў, кіраўніцтва ўсіх роўняў, афіцыйных і незалежных СМІ … ?
Аказваецца, ганаровае мерапрыемства, што адбывалася на пляцы ў прысутнасьці вялікага вайсковага начальства зь Менску (у Жодзіне на цырымоніі прысутнічаў намесьнік Міністра Абароны, генэрал Балігатаў) і відэаапэратараў (ад “КГБ” да “ОНТ”) … было не зусім звычайным, бо адбывалася пасьля шэрагу зусім ужо неадэкватных (неправамерных) дзеяньняў у дачыненьні да моладзевага актывіста Зьміцера Хведарука, якія можна проста кваліфікаваць як гвалтоўныя. Менавіта таму, нармальная, адметная, здавалася б, падзея ўсё ж несла на сабе пэўны штучна-паказушны, даволі непрыемны, сумны адбітак і настойліва нагадвала пра дабраахвотна-прымусовыя ейныя перадумовы.
Сапраўды, Зьміцеру Хведаруку, які прайшоў праз перасьлед па ганебным для дзяржавы дыскрымінацыйным артыкуле 193-1 Крымінальнага Кодексу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі (МФ), а таксама ў выніку неправамерных агрэсыўных дзеяньняў амапаўцаў - атрымаў траўмы й пры гэтым ня страціў грамадзянскую актыўнасьць і веру ў свабодную ад дыктату й бязпраў’я Беларусь … – яму, наўпрост ігнаруючы ўсе законныя падставы, ня далі працягнуць вучобу ў Каледжы.
Пры гэтым, варта заўважыць, што навучэнцы дадзенай навучальнае ўстановы пратэстанскай скіраванасьці ў Менску – на час вучобы пазбаўляюцца ад праходжаньня тэрміновае службы ў войску. З 1993 году аніводны студэнт гэтае навучальнае ўстановы не заклікаўся ў войска (акрамя, канешне, Зьміцера …).
Цалкам пагаджаючыся з самой працэдураю прысягі й праходжаньня службы ў войску ў законным парадку, бацькі Зьміцера ды й сам ён … лічуць, што апошні адміністратыўны арышт з наступнай прымусовай адпраўкаю маладафронтаўца ў вайска (ня гледзячы на заканадаўства й дзейсны статус навучэнца) – ёсьць грубым парушэньнем права й ідэалягічным перасьледам з боку служак палітычнага рэжыму, які ў літаральным сэнсе – пануе сёньня ў Беларусі.
Так, хлопцу, які мае ўласныя, куды больш прасунутыя, цывілізаваныя дэмакратычныя перакананьні й погляды (чым, к прыкладу, прадстаўнікі цяперашняе кіруючае намэнклятуры) – проста паказалі “хто ў Беларусі гаспадарыць”, а таксама, што закон у дачыненьні да актывіста апазыцыі – больш не працуе (!?) Канстытуцыйнае права зусім ня дзейнічае для дадзенай катэгорыі грамадзянаў Беларусі (тых, што маюць уласныя палітычныя погляды, іншыя нацыянальна-гістарычныя, культурніцкія, моўныя, веравызнаўчыя ды маральныя каштоўнасныя арыенціры …).
Атрымліваецца так, што падобных грамадзянаў ува ўласнай краіне, як бы, па простым загадзе зь верху, ігнаруючы нормы права, агульнапрызнаныя традыцыі й мараль, падпарадкоўваюць звычайным “намэнклятурна-кланавым” ідэалягічным устаноўкам альбо папросту “паняткам” і кідаюць у сапраўдную “рэзэрвацыю бязпраўя й цынізму”.
Трапляючы ў падобныя ўмовы, чалавек становіцца псыхалягіна й праўна неабароненым. Як падаецца “хірургам” ад адзінаправільнай ідэалёгіі – у такім становішчы на яго можна проста ўплываць, ляпіць зь яго “зялёна-чырвонае пудзіла” для далейшага “агульнанароднага спажываньня”. Бо закон тут – ужо не працуе, а пачынае дзейнічаць правіла “пахана”. Будзеш добрым і ветлівым, “правільным” … – “усё” будзе “добра” … Будзеш працягваць яшчэ … ці на нечым сваім настойваць … – будзеш пакутваць ня толькі маральна, але й фізычна … … …
Такім чынам, бачна, рэжым знайшоў для сябе новы спосаб палітычнай расправы - ізаляцыі “незгаворлівых” палітыкаў і грамадзкіх актывістаў …
Нам застаецца толькі ўмацоўвацца вераю на тое, што, як напісана на талісмане Зьміцера Хведарука, які мае выгляд ключа й захоўваецца зараз у ягонае маці (гл. фота), у перакладзе з ангельскае мовы – “Бог ніколі не зачыняе адні дзьверы, каб не адчыніць іншыя”.
Таму, пакуль Зьміцер будзе служыць уласнаму народу й сваёй уласнай краіне … ягоная маці, юрысты й праваабаронцы паспрабуюць спытаць у кампэтэнтнае судова-праваахоўнае ўлады (калі такая яшчэ засталася) на колькі правамернымі ёсьць падобныя гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да моладевага актывіста й, магчыма, усё ж таткі, вярнуць вучня ў ягоную навучальную ўстанову, каб нармальна й сваечасова завершыць навучальны працэс …
***
На сустрэчу да Зьміцера Хведарука, які атрымаў пасьля прыняцьця прысягі “пропуск на волю” (звальняльную) да 18-00, прыйшло вельмі шмат людзей: ягоныя сваякі, малыя вучні (Зьміцер яшчэ й выкладаў для падлеткаў), сябры й аднадумцы, палітыкі, журналісты й праваабаронцы зь Менску, Барысава, Жодзіна (гл. у фотарэпартажы - 1)
Ён быў вельмі ўражаны ўвагаю й зьдзіўлены падобнай шчырай праяваю салідарнасьці.
Верагодна яшчэ й з-за гэтага, дадзеная падзея 07.02.2009г., што адбывалася наўскрайку Жодзіна, сабрала (як на несанкцыяваны мітынг) ледзь ні ўвесь асабовы склад апэратыўнікаў, пачынаючы ад Жодзінскай Міліцыі да КДБ, высокае кіраўніцтва выканкаму (якое, канешне, дарэмна часу не губляла) ды й высокага ваеннага начальства Транспартных войскаў … (гл. у фотарэпартажы - 2)
Праваабаронцу Аляксея Лапіцкага з Жодзіна адразу адмовіліся прапускаць на тэрыторыю вайсковае часткі. Яму прыйшлось паказаць уласнае пасьведчаньне сябра БГК (зарэгістраванай праваабарончай арганізацыі Беларусі). Аднак і пасьля гэтага, на праходзе праз КПП ягоныя рэчы, як і рэчы Андрэя Кіма, некаторых іншых грамадзкіх актывістаў … спэцыяльна ды ўважліва абшукваліся (!?) перад допускам да цырымоніі. Пры гэтым, іншыя грамадзяне, што проходзілі на тэрыторыю нават зь вялікімі гаспадарчымі торбамі … – зусім не краналіся.
07.02.2009
Алесь Вольны,
Licviny-INFA
Фотарэпартажы: Аляксея Лапіцкага.
фотарэпартаж 1
фотарэпартаж 2

