Прэзыдэнт Украіны Віктар ЮШЧАНКА даручыў ворганам улады разсакрэціць архіўныя дакумэнты, якія зьвязаныя з украінскім вызваленчым рухам, палітычнымі рэпрэсыямі й галадаморамі ва Ўкраіне.
Аб гэтым сказана ва Ўказе галавы дзяржавы за №37/2009 ад 23 студзеня, апублікаваным сёньня на ягоным афіцыйным сайце.
У прыватнасьці, У.ЮШЧАНКА даручыў Міністэрству нутраных справаў, Міністэрству абароны, Службе бясьпекі Ўкраіны, Службе вонкавай выведкі Ўкраіны, Генэральнай пракуратуры, Дзяржаўнаму камітэту архіваў Украіны, Дзяржаўнаму дэпартамэнту Ўкраіны па пытаньнях выкананьня пакараньняў прааналізаваць зьвязаныя з украінскім вызваленчым рухам, палітычнымі рэпрэсыямі й галадаморамі ва Ўкраіне архіўныя дакумэнты, якія назапасіліся за час дзейнасьці ворганаў дзяржаўнае ўлады й кіраваньні былых Зьвязу ССР і Ўкраінскай ССР.
Акрамя таго, гэтым ведамствам даручана забясьпечыць зняцьцё ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку абмежаваньняў на распаўсюджваньне й доступ да пэўнай сакрэтнай інфармацыі шляхам адмены існуючага раней грыфа сакрэтнасьці архіўных дакумэнтаў альбо іншых матэрыяльных нозьбітаў такой інфармацыі, калі яны не ўяўляюць дзяржаўнае таямніцы.
У адпаведнасьці з Указам, Кабінэт Міністраў павінен забясьпечыць разпрацоўку Ўкраінскім інстытутам нацыянальнай памяці разам з СБУ пры ўдзеле Нацыянальнай акадэміі навук Украіны й зацьвердзіць плян мераў па перадачы для агалошваньня ды вывучэньня разсакрэчаных архіўных дакумэнтаў на 2009-2011 гады. Пры гэтым урад павінен прадугледзець стварэньне й функцыянаваньне архіва нацыянальнае памяці - электроннай базы архіўных дакумэнтаў, датычных тых падзеяў. Таксама Кабмін павінен забясьпечыць арганізацыю ў населеных пунктах Украіны стала дзейсных экспазыцыяў, выставаў архіўных дакумэнтаў, фотаматэрыялаў, якія адлюстроўваюць падзеі тых часоў; выданьне, перавыданьне, распаўсюджваньне адпаведных тэматычных навуковых, навукова-папулярных, мастацка-публіцыстычных працаў, зборнікаў дакумэнтаў і матэрыялаў, а таксама ажыцьцяўленьне мераў, зьвязаных з перакладам разсакрэчаных архіўных дакумэнтаў на замежныя мовы для інфармаваньня сусветнай грамадзкасьці праз замежныя дыпляматычныя ўстановы Ўкраіны.
Пры гэтым Міністэрства адукацыі й навукі Ўкраіны пры ўдзеле НАН павінны забясьпечыць усебаковае й аб’ектыўнае вывучэньне разсакрэчаных архіўных дакумэнтаў, правядзеньне на іхнае аснове навуковых дасьледваньняў, падрыхтоўку й выданьне навуковых ды навукова-папулярных працаў, а таксама выкарыстаньне вынікаў гэтых дасьледваньняў у вучэбных праграмах агульнаадукацыйных і вышэйшых вучэбных устаноў.
СБУ разам з Дзяржкамітэтам архіваў павінны спрыяць прадстаўнікам грамадзкіх арганізацыяў, навуковых устаноў і арганізацыяў, навукоўцам і грамадзянам у свабодным доступе да разсакрэчаных архіўных дакумэнтаў. Пры гэтым на Дзяржкамітэт тэлебачаньня й радыёвяшчаньня ўскладзены абавязак аб асьвятленьні ў СМІ мераў па разсакрэчваньні, перадачы для агалошваньня ды вывучэньні архіўных дакумэнтаў.

