27 студзеня новы законапраэкт, які рэгулюе парадак выезду зь Беларусі ды ўезду ў краіну грамадзянаў рэспублікі, абмяркуе Пастаянная камісыя па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, піша БЕЛТА.
Новы дакумэнт пакліканы ўсталяваць сучасны дэмакратычны парадак выезду грамадзянаў, які адпавядае агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права.
Значная частка законапраэкту тычыцца парадку выезду непаўнагадовых грамадзянаў Беларусі. Усталявана, што яны могуць выязджаць зь Беларусі ў суправаджэньні аднаго з законных прадстаўнікоў бяз згоды другога. У выпадку калі адзін з законных прадстаўнікоў ня згодзен, ён мае права зьвярнуцца ў суд з заяваю аб вызначэньні іншага парадку выезду, за выключэньнем выпадкаў, калі непаўнагадовы выязджае для лячэньня й аздараўленьня, прапісана ў праэкце закона. На падставе рашэньня суду аб вызначэньні парадку, адрознага ад агульнага правіла, зьвесткі аб дзіцяці ды ўсталяваным судом парадку яго выезду заносяцца ў банк дадзеных аб грамадзянах, права на выезд якіх часова абмежаванае.
У новым дакумэнце ўсталяваныя адзіныя падставы для часовага абмежаваньня права грамадзянаў на выезд зь Беларусі. Грамадзяніну, дадзенае права якога часова абмежаванае, можа быць дазволены выезд на вызначаны тэрмін у сувязі з неабходнасьцю яго тэрміновага лячэньня альбо ўдзелу ў крымінальным працэсе ды з-за цяжкай хваробы альбо сьмерці блізкага сваяка.
“Камсамольская праўда ў Беларусі”
Падрыхтаваў,
Алесь Лета,
Licviny-INFA
