Prava-BY.info: Беларускі Праўны Партал

Аліна Нагорная і Максім Ціханаў, фота з архіва Аліны Нагорнай

Нават падчас беларускіх выбараў здараюцца нечакана цікавыя і нават прыемныя выпадкі. І гэта не толькі канцэрты забароненых Лявона Вольскага ды Змітра Вайцюшкевіча ў межах выбарчай кампаніі. Бываюць і ў нас выбарчыя Love story. Гісторыя знаёмства і кахання двух кандыдатаў у дэпутаты здарылася падчас сумеснага ўдзелу ў кампаніі, ужо прызначаная і дата вяселля. (правапіс - першакрыніцы)

Актывісты руху «За свабоду» 24-гадовая Аліна Нагорная і 26-гадовы Максім Ціханаў пазнаёміліся ў 2015-м. «Рух» рыхтаваў сваіх людзей да працы на прэзідэнцкіх выбарах назіральнікамі. Аліна займалася назіральнікамі па Мінскай вобласці, а Максім быў адным з тых, каго яна «рыхтавала», каб назіраць у яго роднай Вілейцы. Праўда, тое знаёмства толькі працоўнымі адносінамі і абмежавалася.

«Але потым пачалася падрыхтоўка да сёлетняй парламенцкай кампаніі, дзесьці ў сакавіку мы пачалі збірацца на офісе і абмяркоўваць нашу стратэгію — як мы будзем рабіць кампанію, як будзем даносіць інфармацыю да людзей, што рабіць з «Народнай праграмай». І так мы зноў пачалі сустракацца з Максам. Неяк паступова зразумелі, што нам разам файна, нам разам класна. Ну, і ўсё!» — смяецца Аліна.

Дзяўчына задаволеная, што ў іх з Максам агульныя палітычныя погляды, агульны адказ на пытанне «Чый Крым?», ім падабаюцца прыблізна аднолькавыя музычныя гурты. А вось для Максіма гэтае аднадумства хоць і важнае, але не стала рашаючым.

«Мяне агаломшылі яе вочы — гэта было, як маланка сярод сонечнага дня!— дзеліцца сваімі ўражаннямі Максім. — Ведаеш, у яе вочы-хамелеоны, і я заўважыў, што іх колер мяняецца ў залежнасці ад настрою. Калі яна паглядзела на мяне сваімі зялёнымі вачыма, а зялёныя вочы ў яе тады, калі яна мае файны настрой, то!.. Гэта быў позірк цеплыні, нейкага кахання. Ён мяне вельмі ўразіў, і я адразу пазначыў сабе: гэтая дзяўчына — тое, што мне патрэбна».

Аліна — кандыдат у дэпутаты па Слуцкай выбарчай акрузе №67, Максім — па Вілейскай выбарчай акрузе №74. Але ні адлегласць, ні напружаная праца ў сваіх акругах адносінам не перашкаджаюць.

«Мы разам пішам звароты, разам пішам нейкія заявы — Макс мой юрыст, і ён вельмі дапамагае мне ў гэтай кампаніі. Я дапамагаю яму з ідэямі пікетаў, улётак, з музыкай — я грала на яго пікетах на гітары. Ён прыязджаў да мяне на пікеты. Мы разам робім усё! Сустракаемся і абмяркоўваем, што будзем рабіць і на той, і на той акрузе. Потым раз’язджаемся і робім», — кажа Аліна.

Праўда, такая шчыльная сумесная праца прывяла да непрыемнай сітуацыі: яны сталі даверанымі асобамі адзін аднаго, а выбарчае заканадаўства гэта забараняе. І ў Слуцку, і ў Вілейцы выбарчыя камісіі разглядалі гэта парушэнне і прынялі… цалкам супрацьлеглыя рашэнні. Аліне ў Слуцку вынеслі папярэджанне, а Максу ў Вілейцы — не.

«Рашэнне гэтае я буду абскарджваць у судзе — мы з Максам ужо напісалі скаргу, і 2 верасня я панясу яе», — весела кажа дзяўчына.

Вяселле прызначылі на дзявятага верасня. На пытанне, ці не хутка ўсё ў іх адбываецца, Аліна проста адказвае: «Не», а Максім распавядае гісторыю свайго знаёмага. Той спыніўся падабраць дзяўчыну, якая ехала аўтаспынам, і вечарам таго ж дня прапанаваў ёй пажаніцца. «20 гадоў разам ужо шчасліва жывуць», — канстатуе кандыдат.

Але чаму вырашылі святкаваць вяселле менавіта напярэдадні выбараў?

Цікава, што і тут у Аліны з Максам цалкам розныя тлумачэнні.

«У нас з Максам супольная пазіцыя: мы абодва былі назіральнікамі на выбарах і ведаем, як у нас лічаць галасы. Мы хочам, каб на гэтых выбарах для нас і для нашых сяброў, некаторыя з іх таксама балатуюцца, адбылося хоць нешта прыемнае і вясёлае. Напрыклад, наша вяселле!» — кажа Аліна.

«Мы разглядалі розныя варыянты даты, але вырашылі, што самы лепшы дзень для такой падзеі — дзявятага верасня, Дзень прыгажосці», — адказвае юрыст-рамантык Максім.

Дзе пасля вяселля будуць жыць, пакуль не вырашана. Аліна кажа, што рашэнне будзе прымацца спантанна, Максім, што, хутчэй за ўсё, пераедуць у сталіцу. Калі ж абодва перамогуць на выбарах, то ў Мінску ім яшчэ і службовае жыллё дадуць.

Кіраўніцтва Руху «За свабоду» не супраць такога «службовага рамана». Наадварот, кажа намеснік лідара «Руху» Алесь Лагвінец, толькі падтрымліваюць сваіх актывістаў у іх намеры. Але завяршаецца наша свецкая-палітычная размова з маладымі кандыдатамі даволі смешна.«Аляксандра Мілінкевіча на вяселле запрасілі?» — пытаюся ў іх.

— Ой! — Спалохана замаўкае Аліна.

— Нешта мы і сапраўды забыліся… Дзякуй, што нагадалі! Абавязкова трэба запрасіць, — кажа Максім.

ВІДЭА З ТЭЛЕВЫСТУПАМ АЛІНЫ НАГОРНАЙ - ТУТ

ВІДЭА З ТЭЛЕВЫСТУПАМ МАКСІМА ЦІХАНАВА  - ТУТ

Гэты артыкул размешчаны 01.09.16 20:01 у катэгорыі: - Ініцыятыва 'ЗА Эўрапейскі ГОРАД!', - Народная ініцыятыва 'За Свабодны выбар!', Cупольнасьць, Арганізацыі, Відэа, Навіны, Фотарэпартажы.
Вы можаце сачыць за водгукамі праз RSS 2.0 разсылку. Вы можаце пакінуць водгук, альбо скарыстацца трэкбэкам з вашага уласнага сайта.
  1. 01.09.16 20:04: AL Łapicki [ ]

    Цудоўная гісторыя. Я - за ейны шчасьлівы працяг у тым ліку ў Парлямэнце Беларусі!;)

  2. 14.09.16 09:21: Amy [ ]

    Ahaa, its good conversation about this piece of writing here at this web site, I have read all that, so at this
    time me also commenting here.

    my homepage :: Amy http://bing.org

Імя
* неабходнае поле

Email
* неабходнае поле

Сайт

Каментар
* XHTML: Вы можэаце выкарыстоўваць наступныя тагі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

SEO Powered by Platinum SEO from Techblissonline