Эўракамісяя мае намер прапанаваць шасьці постсавецкім краінам, у тым ліку Беларусі, скласьці дамову аб асацыацыі й стварэньні новай эўрапейскай эканамічнай зоны, якая павінна стаць базаю для разьвіцьця агульнага нутранага рынку.
Цяперашняя формула Ўсходняга партнэрства - “27 + 5 (6)”. Паўнавартасны ўдзел у ім Беларусі пакуль пад пытаньнем. Рашэньне па Беларусі будзе прымацца ўвесну ў залежнасьці ад дэмакратычнага прагрэсу краіны.
Сваім праэктам Эўракамісыя адказвае на ініцыятыву Польшчы й Швэцыі аб пашырэньні супрацоўніцтва з Арменіяй, Азэрбайджанам, Беларусьсю, Грузыяй, Малдовай, Украінай.
У праэкце прапановы Эўракамісыі адзначаецца, што новыя дамовы аб асацыяцыі будуць падобныя на дакумэнты, падпісаныя зь Летувай і Польшчай перад пашырэньнем ЭЗ у 2004 годзе, але яны ня будуць утрымліваць плянаў аб сяброўстве ў Эўразьвязе. Паміж тым, дамова заклікана заявіць аб салідарнасьці ЭЗ і жаданьні прызнаць эўрапейскія імкненьні краінаў Усходняй Эўропы.
Так, дамова прадугледжвае стварэньне адзінай зоны свабоднага гандлю для разьвіцьця агульнага нутранага рынку, падобнага на Эўрапейскую эканамічную зону, якую на сёньня ЭЗ дзеліць з Ісляндыяй, Ліхтэнштэйнам і Нарвэгіяй. Для гэтага шэсьць постсавецкіх дзяржаваў павінны будуць пераняць усе заканадаўчыя акты ЭЗ і прызнаваць вэрдыкты Эўрапейскага суду.
Эўракамісыя прапаноўвае адкрыцьцё візавых цэнтраў для атрыманьня шэнгенскіх візаў, паступовае спрашчэньне візавага рэжыму й паніжэньне кошту візаў, а ў доўгатэрміновай пэрспэктыве ўводзіны бязьвізавага рэжыму. Бюджэт Усходняга партнэрства складзе 2,1 млрд. эўра, без уліку страты 75 млн. эўра ад адмены візаў.
Для забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі ў прапанове прадугледжана падпісаньне мемарандуму, каб энэргетычнай транспартнай сыстэмаю сумесна маглі кіраваць пастаўшчыкі, транзітныя краіны й спажыўцы.
Чакаецца, што 3 сьнежня прапанова Эўракамісыі будзе афіцыйна апублікаваная, а 11 сьнежня ўключана ў палітыку ЭЗ на Эўрапейскім саміце кіраўнікоў краінаў аб’яднанай Эўропы. У чэрвені 2009 года прапаноўваецца правесьці саміт Усходняга партнэрства, а затым праводзіць рэгулярныя сустрэчы службоўцаў краінаў ЭЗ і Ўсходняе Эўропы.
Пэўныя прапановы па напаўненьні Ўсходняга партнэрства Эўракамісыя прадставіць увесну 2009 года.
Паводле “Беларускія навіны”.
Алесь Лета,
Licviny-INFA

